ня ведаеце! Я вам скажу ўсё, я скажу чыстую праўду. Барбара, во хто… во хто вінават. (Яшчэ мацней). Яна атруціла Надзею, яна падгаварыла яе, яна і атруту купіла. Я сам чуў — во тут, во на гэтым месцы яны гаварылі… Братцы! За што-ж бязьвіннага чалавека…
Галасы з натоўпу.
Ня чмуры!
Пашоў прэч!
Сам зьнюхаўся з ёй!
Дай яму там, каб ня лез!
Іш, чаго выдумаў! Ха-ха!..
Мешчанін у падзьдзёўцы. Адыйдзі, блазнота! (штурхае яго ў бок. Натоўп кідаецца на Ганну, але ў гэты момант раздаецца праразьлівы крык: — Міліцыя! Міліцыя!.. — Сярод натоўпу адразу пашло замяшаньне. Ганну пакінулі ў спакоі).
Санька (зусім іншым тонам, чымся раней). Ага! Спалохаліся! Ах, вы, душагубцы акаянныя! Надумалі, га? На бязьвіннага чалавека нападаць! Я вам пакажу, дзе ракі зімуюць! (Зьяўляецца міліцыя).
Старэйшы міліцыянэр. Стой! Не разыходзься! Хто тут Барбара Карпаўна Хлюпкіна?
Санька. Во гэта!
Старэйшы міліцыянэр. Вы арыштаваны, грамадзянка!
Барбара. Як гэта? За што?
Старэйшы міліцыянэр. Там разьбяруцца. А хто тут…
Санька. Вунь ён, уцёк. Вунь-вунь…