Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выварачвае старыя карчы, паліць іх, зьністажае. Ён жыватворчым агнём асушае балота і рассыпае ў ім зярняты новага, здаровага, сьветлага… Там, дзе праносіцца гэты віхор, там астаюцца ахвяры. Часам бязьвінныя, трагічна-выпадковыя, але неабходныя… Гэта — нямінуча… (Задумляецца. З левага боку ўваходзіць Даніла).

Даніла (убачыў яе). Ты прышла?

Ганна (з усьмешкай). А ты, мусіць, і сам мяне не чакаў?

Даніла. Я ня думаў, што ты сюды прыдзеш.

Ганна. Я прышла, бо ведала, што табе цяпер трэба мая прысутнасьць. Табе цяпер цяжка, а са мной будзе лягчэй. Я-ж яшчэ не развучылася разганяць твае чорныя думкі.

Даніла. Не, Ганна, мне з табой ня будзе лягчэй. Я хачу сказаць табе… я думаў аб гэтым і рашыў… нам з табой ня трэба больш сустракацца.

Ганна. Гэта што, Даніла, страх ці асьцярожнасьць? Ты баішся са мной сустракацца?

Даніла. О, не, Ганна, ты дарма мяне абражаеш. Я не баюся. Сьмешна было-б, каб я баяўся. Твая прысутнасьць, Ганна, будзе прыносіць мне не палягчэньне, а страшны балючы цяжар. Паміж нас цяпер стаў цень маёй жонкі. Калі-б і дзе я ні ўбачыў цябе, ты заўсёды адновіш у маёй памяці гэту трагедыю, ты заўсёды ўзбудзіш гэта страшэннае пачуцьцё віны ў сьмерці блізкага мне чалавека.