убіўся ў гэтыя зарасьлі і пашоў па іх, поўны трывожна-ўзьнятага пачуцьця, быццам ішоў ён па дзікіх джунглях, дзе на кожным кроку можна наткнуцца на крыважэрнага зьвера, дзе ўсё насычана сьмяротнай небясьпекай. Яму было прыемна адчуваць гэты востры нязвычайны настрой.
Ён падышоў так да крывой карчаватай алешыны, што расла на ўзгорку, зусім недалёчка ад берагу. Пад алешынай зашаваліўся нейкі чорны камочак і адтуль пачуўся слабенькі дзіцячы голас:
— Макса! Ты?
«Макса» — гэта выходзіла троху няпрыгожа і сьмешна, але ён не злаваў на яе — яна-ж таму гэтак звала яго, што іначай ня ўмела, іначай у яе ня выходзіла. Ён сеў каля дзяўчынкі і моўчкі дастаў з кішэні кавалак булкі, які прыблюў яшчэ ад сьняданьня. Аленка пачала гучна цьмякаць i сьмешна так кулдыячыла скрозь шчытна напхнуты рот:
— Макса! Каб ты ведаў… Мы абышлі сягодня ўвесь горад… Я ўсё скакала, скакала… Я маўчала, нічогачка не казала нікому, барані божа… Дзядзька думае, што я і заўтра пайду з ім… Хай сабе думае! А мяне заўтраі званьня ня будзе. Во, будзе клопату… Ці праўда, Макса?
Што Максу было гаварыць? Ён учора зусім ня ведаў, што трэба ўсё паступенна, ён быў наіўна ўпэўнены ў тым, што — сказаць, гэта значыць — зрабіць.
— Макса! А дзядзька зноў сёньня набраўся быў, як сьвіньня… мы многа-многа сабралі грошай… Зноў