людзях пасароміўся, пачакаў яшчэ крыху. Нядоўга-ж ужо засталося скора дам волю, ня буду перашкаджаць.
Даніла (нэрвова ходзіць па хаце). Пачынаецца. Кожны дзень, кожную хвіліну… Не пасьпеў у хату ўвайсьці, як пашло і пашло. Калі гэта кончыцца? Дзе мяжа гэтаму зьдзеку, гэтай пакуце? Слухай, Надзея, нашто ты сама гоніш мяне з хаты, нашто ты жыцьцё маё труціш?
Надзея. Тваё жыцьцё… А маё жыцьцё хто атруціў, хто давёў мяне да магілы? Хоць бы памерці даў у спакоі, хоць-бы астатнія дні адпачнуць… Мне-ж прасьвету няма ніколі… дзень і ноч думаю… сэрца разрываецца… чакаю яго, як добрага… вось прыдзе зараз, слова ветлае скажа, пагаворым так ціха, лагодна — і лягчэй стане… на боль забудзешся… А ён… другую знайшоў… ёй і словы ласкавыя, і каханьне… А я… паміраю… адна… (Плача).
Даніла. Я не магу. Я пайду, Надзея, чуеш? Ты гоніш мяне, не даеш хвіліны ў хаце пабыць. (Зьбіраецца ісьці).
Надзея (стрымлівае плач). Я цябе не чапаю… Я сама… проста сум нейкі… Ня ідзі…
Даніла (падыходзіць да яе, сядае на ложак). Надзея! Ты дарэмна рвеш сэрца і сабе, і мне. Вось ты кажаш, што не пагаворым ніколі, што ў мяне няма ласкавых слоў для цябе. Ты-ж сама гэта робіш, ты-ж сама адпіхаеш мяне сваімі вечнымі дакорамі, крыўдамі, ты-ж сама гоніш мяне ад сябе… Наслухаешся розных бабскіх плётак і верыш ім, і раструйваеш сваё хворае