Чуеш? Ты труціш яе, адбіраеш у яе апошнія дні. Ты, як злы дух, стаіш над ёй і шэпчаш ёй рознае глупства, каб толькі раструіць ёй сэрца, каб папсаваць жыцьцё і ёй і мне. (Зьмяніўшы тон). Слухай, Барбара! Пакінь ты нас, адчапіся. Дай нам спакойна пажыць. (Зноў павышае голас). Помні, што я ня сьцерплю нарэшце… Я… ты давядзеш мяне да чаго-небудзь…
Барбара. Ня тое ты кажаш, Даніла. Я-ж бачу цябе навылёт. Вунь куды цябе цягне. (Паказвае на Ганьніну кватэру). Вунь хто ў цябе ў галаве. Дык-жа не, ня выйдзе нічога… Ня дам! На ўсё пайду, ня спынюся ні перад чым, а ўсё-ткі ня будзеш з гэтай кахацца.
Даніла (злосна). Ведзьма!
Барбара. Ня злуй, Даніла, ня трэба. Пажывем — убачым. (У фортцы зьяўляецца Ганна). Вунь і каханка твая. Пайду, пайду ня буду мяшаць. (Ідучы, у бок). Я вам зараз састрою кумэдыю, ха-ха-ха!..
Ганна. Што тут было, Даніла?
Даніла. Глупства. Гэтая гандлярка чэпіцца ўсё. Чорт яе ведае, што ёй трэба…
Ганна. Ты да мяне? Давай лепш тут пасядзім — у хаце горача. Я нядаўна толькі прышла — у бібліотэку хадзіла… Сьмешны гэты Санька! Добры хлопец — шчыры такі і нядурны, а вось жыве неяк бяз ладу. Пуста ў жыцьці, дык ён п’е і думае, што ў гэтым знайшоў нейкі ратунак. А потым мардуецца, месца сабе не знаходзіць… Ну, як ты?
Даніла. А ну яго к ліху ўсё-чыста. Я не магу больш — моцы маёй няма ўжо. Атачылі, апанавалі,