Ганна. Ну, Санька, бывай! Заўтра возьмемся за тваю справу. (Разьвітваюцца. Санька ідзе на вечарынку, а Ганна да свайго дому. Каля форткі яе сустракае Дудзін).
Дудзін. Добры вечар, таварыш Ганна!
Ганна. Добры вечар!
Дудзін. У горадзе былі? Па справе, ці проста так, на праходку хадзілі?
Ганна. Хадзіла кніжкі мяняць у бібліотэку.
Дудзін. Кніжкі чытаеце? Мусіць, усё політычныя? Я дык страшэнна люблю чытаць пра соцыялізм і пра комуну. Проста не магу адарвацца — так цікава пішацца.
Ганна. Гэта добра. Ну, бывайце!
Дудзін. Куды-ж вы? Ня хочаце са мной і хвілінкі пагутарыць?
Ганна. А вы хочаце гутарыць? Я не ведала. Давайце… (Сядае на лаўку).
Дудзін. За што вы на мяне, таварыш Ганна, узлаваліся?
Ганна. Я? На вас? Першы раз чую.
Дудзін. Я тады рознае глупства гаварыў. Я гаварыў зусім ня тое, што звычайна гавару. З сур’ёзнымі барышнямі я магу гаварыць і пра сур’ёзнае.
Ганна. Пра што гэта пра сур’ёзнае?
Дудзін. Пра ўсякія політычныя рэчы.
Ганна. Так… А скажыце, калі ласка, што вам усё-ткі ад мяне трэба?
Дудзін. Таварыш Ганна…
Ганна. Кажыце проста.