Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Санька, каб цябе прынялі на фабрыку. Добра? Прыдзецца пачакаць, вядома, але нішто… свайго даб’емся.

Санька. Слухай, Ганулька. Чаго ты такая нейкая добрая? Вось лаюць цябе, абгаварваюць, а мне здаецца, што лепш за цябе няма нікога ў сьвеце… Я сам ня помню, што я тады гаварыў… мне расказалі… дык я цэлы дзень хадзіў, як няпрытомны… дужа мне балюча было, што я цябе так абразіў… А ты-ж даравала мне, праўда?

Ганна. Ну, вядома. Наогул, ня варта таго ўспамінаць…

Санька. Ты — добрая, дужа добрая. І прыгожая такая. Я першы раз бачу такую прыгожую дзяўчыну. Ведаеш што, Ганулька, я буду кахаць цябе, добра? Ты — усёроўна… ты не зважай… Я можа і піць кіну дзеля цябе, далібог… (Бярэ яе за руку). Можна табе ў руку пацалаваць? Я пацалую, Ганулька. (Цалуе). Ты такая добрая…

Ганна. Кінь ты — сьмешны. Ты зусім, як малы хлопчык. Ну, годзе! Мне трэба ісьці. Хочаш, Санька, сходзім разам у бібліотэку?

Санька. Вядома! (У замяшаньні). А з гэтай, што рабіць… куды яе…

Ганна. Каго?

Санька. Тут паўкварты ў мяне… у Пілаціхі адабраў. (Ганна сьмяецца). Што-ж тут рабіць? (3 раптоўнай рашучасьцю). Эх, згінь, ты, прападзі! (Кідае вобземлю і сам нібы палохаецца свайго ўчынку. З хвіліну няўцямна глядзіць на шкляныя чарапкі, потым