Максымалістам назваў быў яго Вовачка Пенкін, як рабіў даклад на тэму «аб этычных нормах i прадпасылках сьвядомае дысцыпліны ў атрадзе». Ніхто ня ведаў тады, што гэтае слова ўсяго за дзень перад тым знайшоў Вовачка Пенкін у «Слоўніку політычных тэрмінаў», а таму ўсе, як адзін, працяліся глыбокай павагай да нязвычайнае Вовачкінае прамудрасьці. З таго часу Максымаліста ніхто і ня зваў іначай, як толькі — Максымаліст. Праўда, гэтая назва, як і ўсе іншыя назвы, потым была скарочана (Макс), але ў скарочаным выглядзе яна яшчэ шырэй зазвычаілася сярод піонэраў і сапраўднае імя Максымаліста асталося выключна толькі ў сьпісках атраду.
Ён і сапраўды быў максымаліст, гэты неспакойны, дакучлівы піонэр. У яго была няпрыемная звычка — ва ўсе пытаньні ўносіць нейкую раптоўную дзікую пасьпешнасьць. Калі, скажам, стаяла пытаньне аб выпуску насьценгазэты, ён, замест таго каб гаварыць пра мэты i задачы газэты, пра характар яе, кірунак і г. д., раптам пачынаў турбавацца аб тым, дзе дастаць паперы і фарбаў, хто будзе маляваць, хто будзе зьбіраць