Мілуйцеся на здароўечка… Дзе-ж вам пацешыцца, як ня тут, на цёплым сонейку.
Даніла (устае крыху зьбянтэжаны і раззлаваны). Лезеш ты, куды ня трэба, вось што… Пойдзем, Ганна!
Барбара. Ой, можа і лезе хто, ды толькі ня я.
Ганна (таксама ўстала. Перш моўчкі глядзіць на Барбару, потым памалу ідзе проста да яе. Барбара прымае ваяўнічую паставу. Ганна падыходзіць і бярэ з каша плюшку). Па чым гэтыя плюшкі?
Барбара (злосна). Па пяць капеек!
Ганна. Дайце дзьве штукі. (Плоціць, забірае плюшкі і ідзе з Данілам па дарожцы ў лес).
Барбара (глядзіць ім усьлед). Пашлі. Закруціла, распусьніца. Ой, Даніла, ня будзе дабра з гэтага, ня будзе. Забыўся ты на Барбару, ды мусіць рана забыўся, мой даражэнькі! (Уваходзіць Дудзін, Санька і яшчэ колькі хлопцаў. Санька зусім п’яны).
Дудзін. Пляваць… Яшчэ сама будзеш прасіцца, ды адштурхну, як сабаку якую. Ня гэткіх мелі і ня гэткіх мець будзем. Шчасьце якое, думай ты гэта.
Барбара. Не з таго боку пад’ехаў.
Дудзін (задзірліва). Цётка Барбара! Папрашу вас — бяз гіроніі. Я зусім не жадаю слухаць вашых заўваг. Натуральна…
Барбара. А ты дужа ня пырскай, а лепш паслухай, во як. Хадзітку сюды. (Бярэ яго падпашку і адводзіць у бок). Вольку маю… што, спажыў ды на сьметнік, га?..