Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Даніла. Я гэта ведаю, Ганна. Я-ж быў на фронце і на справе пазнаў, што такое барацьба. Добра тады ваяваць, калі бачыш ворага, ведаеш, хто ён такі. Таму-ж і цяжка мне, Ганна. Чую нейкую небясьпеку, чую нейкага ворага, а дзе ён, адкуль падступае — ня бачу.

Ганна. Гэты твой вораг — мяшчанства. Яно вылазіць цяпер з сваіх брудных шчылін і наступае. Старое мяшчанства — цьвілое, абскубленае завірухай, злучаецца з новым, што вырасла з пазадзьдзяў рэволюцыі. Мяшчанства ня любіць пэрспэктывы, яно баіцца яе, хаваецца ад яе ў драбніцах, стараецца затуліць яе брудным туманам абыдзеншчыны. Трэба змагацца, Даніла! Трэба больш сьмеласьці, больш запалу, энэргіі… І менш вось гэтай тваёй журбы, сумненьняў — гэта табе зусім не да твару. Сапраўды… Даніла, помніш, як мы сядзелі з табой цэлы вечар і гаварылі аб нашым вялікім падарожжы ў будучыню. Мы лятуцелі, як малыя дзеці, будавалі такія прыгожыя сьмелыя пляны.

Даніла. Я помню. Гэта крыху сьмешна было, наіўна.

Ганна. Але затое ў цябе ня было тады ніякіх сумненьняў, ты быў такі бадзёры, радасны. Я помню — у цябе вочы тады гарэлі зусім па-маладому — ты ўвесь быў, як малады задорны юнак. О, тады ў цябе была ясная пэрспэктыва! Праўда, Даніла?

Даніла (крыху падумаўшы). Мяне зьвязвае хворая жонка. Я-ж яе некалі так моцна кахаў. А цяпер… я ня ведаю, ці кахаю… мне шкода яе, да болю шкода.