Ганна. Я прымала ўдзел у карнавале. Дык ты мяне шукаў? Справу якую маеш, ці што?
Даніла. Мо ўжо цэлых два дні ня бачыліся. А мне ня бачыць цябе гэта значыць — ня бачыць жывога чалавека. Ты сама ведаеш.
Ганна. О, вядома! Людзей многа, а чалавек адзін. Ты-ж, як той самотны падарожнік у дзікіх нетрах: цемра, жудасьць навокал, зьверы выюць, зубамі ляскаюць…
Даніла. Якая ты, Ганна, вясёлая сёньня!
Ганна. Я заўсёды такая. Давай сядзем, Даніла пагутарым. Я страшэнна змарылася — так многа ўражаньняў, адчуваньняў! Шкода, што ты ня бачыў нашага карнавалу. (Сядаюць на дол). Ну, падарожнік, кажы, якое ліха цябе напаткала? У цябе зноў у вачох журба сусьветная.
Даніла (з усьмешкай). Цяпер усё добра. Мне-ж досыць толькі сустрэцца з табой, як адразу разьвеецца ўсякая журба. Я загадзя адчуваю, што вось зараз ты скажаш мне нешта такое простае, жыцьцёвае і ўсё стане ясна наперадзе, усё знойдзе свой сэнс. І мне ўжо адразу спакойна робіцца.
Ганна. Дык, выходзіць, нам і гаварыць зусім ня трэба. Сустрэліся, паглядзелі адзін на аднаго і пайшлі заспакоеныя. Праўда? Ну, гавары, Даніла, дакладвай аб усім падрабязна.
Даніла. Заўтра я зноў станаўлюся на працу. Нарэшце кончыцца маё беспрасьветнае мадзеньне. Будзе паўней у жыцьці, ня будзе гэтай нуды, пустэ-