Гэта старонка была вычытаная
Гэта песня гарыць ад крыві,
Першы сон на апошнім парозе…
Калі слова зманіла — парві
І кавалкі рассып па дарозе.
Побач стаць ля сябе не дазволь
Нават кволай паэтавай цені…
Сэрца ведае радасць і боль —
Ў свеце іншага сэрца не стрэне.
Не усякім надвор‘ем імгла
Абнімае высокія скалы…
Каб ты ведаць ўсё гэта магла,
Ты-б давеку, як я, пакахала.
Ты-б адчула, што рэдка адчуць
Свету дбайнага выбраны можа…
Ты-б прышла, чаго безвач хачу, —
Неадчутай, крыштальнай, прыгожай…
Але зараз, хоць жартам прымай,
І калі мы раз‘едземся, — проста
Мой напрамак крадком прыгадай,
Спамяні маю дальнюю постаць.
1931 г.
|}