Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
ПОЭМА Я. КОЛАСА „СЫМОН МУЗЫКА", ЯК АЎТОХАРАКТАРЫСТЫКА
(Да дваццацілецьця літаратурнай дзейнасьці поэты)
Проф. І. Замоцін

У дні, калі мы ўшаноўваем мастакоў слова, прынята большай часткай гаварыць аб пройдзеным імі літаратурна-творчым шляху і падагульняць іх поэтычныя замыслы, сюжэты і тэмы, мастацка-тэхнічныя прыёмы, ідэолёгічныя ўхілы і ідэолёгічныя сьцьверджаньні.

Але ў гэтыя-ж дні, калі перад намі ў цэлым, ва ўсю веліч, паўстае тая ці іншая поэтычная таленавітасьць, мімаволі хочацца ўсьвядоміць гэтую таленавітасьць ня толькі з боку вынікаў, але і з боку самое яе прыроды, тэй псыхолёгічнай, чалавечай яе сутнасьці, якая да сучаснага моманту ўсё яшчэ застаецца невядомым іксам ці, як любіць часта гаварыць інтуітыўная крытыка, таямніцай творчасьці.

Навука парознаму падыходзіла і падыходзіць да расчыненьня гэтай таямніцы. Калісьці імкнуліся зразумець яе мэтафізычна, як натхненьне зьверху; цяпер гавораць аб ёй, як аб біолёгічнай проблеме, прыстасоўваюць да яе мэтод псыхоаналізу, увязваюць творчы процэс з умоўнымі рэфлексамі і г. д.

Прырода творчасьці, аднак, паранейшаму застаецца тэй загадкай, каля якое безнадзейна зыходзяцца самыя рознастайныя пункты погляду і мэтоды.

Вось чаму такім каштоўным зьяўляецца ўсякі літаратурны матэрыял, які хоць крыху высьвятляе гэту проблему.

Такім матэрыялам прынята лічыць і тыя прызнаньні саміх мастакоў слова аб сваёй творчасьці, якія часткова раскіданы ў іх творах, дзеньніках, лістох і іншых продуктах іх літаратурнай дзейнасьці. Такім матэрыялам у вадносінах да творчасьці Якуба Коласа зьяўляецца і поэма „Сымон Музыка", бо ў ёй аўтар дае цэлы шэраг паказаньняў аб творчасьці поэты наогул і разам з тым, бязумоўна, і аб сваёй творчасьці.

Беларускія поэты нашаніўскае пары, з якое вышаў і Я. Колас, наогул схільны апісваць і характарызаваць сваю творчасьць. Гэта робяць у сваіх вершах і Якуб Колас, і Янка Купала, і нябожчыкі Алесь Гарун і Максім Багдановіч і інш.