Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Эх, чаго нам ня прышлося,
Брацьця мілыя, у жыцьці.
Колькі талентаў зьвялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, няпрызнаных,
Неаплаканых нікім,
Толькі ў полі адсьпяваных
Ветру посьвістам пустым...

Мы, вядома, усе далучымся да тужлівай заявы поэты. Але мы разам з тым выкажам цьвёрдую ўпэўненасьць у тым, што тыя беларускія песьняры, якія, як і Якуб Колас, ужо паўсталі ва ўсю веліч сваёй таленавітасьці і выклікалі да жыцьця другіх поэтаў, выклічуць цяпер, пры новых умовах адроджанай Беларусі, цэлы шэраг маладых талентаў.

Я вярнуся яшчэ раз да невялікага апавяданьня М. Багдановіча, якое канчаецца свайго роду прарочнымі радкамі.

Цяжкі быў вялікі ўчынак гэтага першага музыкі, які вышаў з народу і служыў народу сваім мастацтвам, самаахвярна праходзячы па свайму жыцьцёваму шляху. Але за ім пайшлі другія. "І спаміж таго народу, ― канчае аўтар сваё апавяданьне, ― катораму ён калісь граў, выйдуць дзесяткі новых музыкаў і граньнем сваім будуць будзіць людзей к сьвету, праўдзе, брацтву і свабодзе“.

Няхай-жа поэта Якуб Колас, сам вышаўшы з народу і прайшоўшы даўгі і славуты дваццацігадовы шлях літаратурнай работы, жыве яшчэ шмат гадоў і няхай ён сваім прыкладам выклікае да творчасьці ўсё новых і новых "музыкаў“ поэзіі на карысьць і далейшы росквіт беларускай культуры.