Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У яго быў сьвет цікавы,
Свае вобразы, жыцьцё,
І ў душы яго ўсе зьявы
Сваё мелі адбіцьцё...
У яго вачох жывых
Думка нейкая бліскала...

Узьнятая ўспрыймальнасьць накіравана ў Сымонкі на ўсё наўкольнае, асабліва на прыроду. Ён аддаецца глыбокаму, удумліваму адчуваньню:

На каменьчык сядзе ў збожжы,
Ня схісьнецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам сьпеў прыгожы,
Як жытло загаманіць.
Як зазвоняць, заіграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
І галоўкай заківаюць.
Засьмяюцца васількі.

Гэты раньні, прыродны дар поэтычнага сьветаадчуваньня, якім надараны, бязумоўна, і сам Я. Колас, поэта лічыць неразьвязанай таямніцай.

Ды ніхто ня знаў тых струнаў,
Патайных ніцей душы.
Што злучаюць гук пярунаў
З немым голасам цішы...

Аднак, ён уносіць некаторае разьвязаньне і ў гэту першапачатковую таямніцу прыроднага таленту. Крыніцу гэтага таленту ён бачыць часткова ў атавізьме, у спадчыннасьці, у перадачы з роду ў род поэтычнай натхнёнай натуры. Калі бацька і маці ня толькі не заахвочвалі Сымонку да поэтычных мараў, але нават і не разумелі яго, то дзед Курыла, блізкі да яго па сваёй псыхічнай організацыі, добра разумеў хлопчыка-поэту і падзяляў яго думы і настроі. І мажліва, што родны дзед ці прадзед Сымонкі таксама, як і ён, былі вельмі ўспрыймальнымі да прыроды і вакольнага жыцьця і перадалі яму ў спадчыну сваё сьветаадчуваньне. Трэба думаць, што падобная спадчыннасьць мела месца і ў адносінах да Я. Коласа.

Але якое-б ні было першапачатковае пахаджэньне поэтычнага дару—спадчынна-радавое ці выключна-індывідуальнае, зьвязанае толькі з данай псыхічнай організацыяй, — усё роўна, калі гэты талент выявіўся ўжо ў дзяцінстве, у далейшым ён нямінуча будзе адчуваць тыя ці іншыя жыцьцёвыя ўплывы, пад якімі можа або замерці або расквітнець.

Талент Сымонкі расьце, і першым уплывам, які магутна адбіўся на яго росьце, трэба лічыць той народны анімізм, зьвязаны з мітатворчасьцю і наогул з народна-поэтычнай стыхіяй, якім аддае поэзія многіх беларускіх поэтаў паказанай вышэй эпохі, таксама як і поэзія Я. Коласа. Гэты анімізм, г. зн. шырокае адухаўленьне прыроды, зьяўляецца галоўным продуктам для поэтычнага выабражэньня Сымонкі.