Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Самы характар і склад гэтых іх аўтопрызнаньняў ці аўтопаказаньняў адрозьніваюцца асобнымі азнакамі іх эпохі і лёгка ўвязваюцца з тымі соцыяльна-культурнымі ўмовамі, сярод якіх разьвівалася іх літаратурная дзейнасьць.

Калі ў канцы XVІІІ і ў пачатку XІX ст. поэты падыходзілі да тлумачэньня свае поэтычнае таленавітасьці філёзофскім шляхам, карыстаючыся прадпасылкамі рацыяналізму ці ідэалізму, калі ў другой палове XІX ст. гэты падыход да тлумачэньня прыроды творчасьці зрабіўся больш рэальным, натуралістычным, нават пачаў апірацца на навуковапастаўленым экспэрымэнце,—то ў пачатку XІX сталецьця, у абставінах насьпеўшага рэволюцыйнага руху і мужаўшага адраджэньня Беларусі, той-жа падыход да самавызначэньня ў беларускіх поэтаў прыняў па пераважнасьці нацыянальна-бытавы і соцыяльна-політычны ўхіл, паколькі яны пачалі ўвязваць як пахаджэньне свае творчасьці, так і яе характар і мэты з вакольнымі абставінамі жыцьця.

Вось чаму ўсе поэты гэтай групы любяць гаварыць аб сваёй творчасьці ня толькі як аб праяве іх асабістай псыхікі, але і як аб вывадзе з соцыяльнага жыцьця, як аб чымсьці складзеным пад пэўнымі ўмовамі і зьвязаным пэўнымі задачамі грамадзкага служэньня.

У гэтых адносінах у сувязі з пастаўленаю мною тэмаю (аб прыродзе творчасьці Якуба Коласа) асабліва настойліва прыходзіць сёньня на ўспамін нябожчык М. Багдановіч, які, ня гледзячы на свой пераважаючы ўхіл да лірызму, да лірызму вельмі інтымнага, любіў якраз у вышэйпаказаным сэнсе вытлумачваць сваю творчасьць і творчасьць наогул.

Ён, як вядома, прысьвяціў пытаньню аб прыродзе поэтычнае творчасьці ня толькі шэраг вершаў, але і некалькі мастацка-прозаічных нататак у выглядзе невялікіх апавяданьняў. Гэтай тэме прысьвечаны яго „Апокрыф“, „Апавяданьне аб іконьніку і залатару", "Шаман“, "Сон-трава" і „Музыка“. Прыстасавальна да пастаўленае мною тэмы асабліва заслугоўваюць увагі апошнія два апавяданьні.

У першым з іх, якое знаходзіцца пакуль што ў рукапісе і напісана на расійскай мове, М. Багдановіч разгортвае перад намі сваеасабліва скомпанованую ім легенду аб нараджэньні поэтаў-казачнікаў. Гэроем гэтай легенды зьяўляецца, як і ў поэме "Сымон Музыка", хлапчучок-пастушок.

"Лег раз—рассказывает автор—один белоголовый мальчик-подпасок в степи у ручья, поглядывая за стадом, сорвал попавшуюся под руки былинку, попробовал ее понюхать, да тут же и заснул: это сон-трава ему попалась. Печет жаркое солнце ему голову, синяя муха, жужжа, опустилась на его лицо, но ничего не чувствует мальчик, крепко спит, и снятся ему незабываемые сны". Он видит во сне Ивана-Царевича, скачущего за жар-птицей на сером волке; видит Саур-богатыря на перекрестке трех дорог; видит сестрицу Аленушку с братцем Иванушкой;