ЯНКА. Э, што твая работа! ведама жаноцкая справа! Цюкнеш колькі разоў цапом, аж зараз цябе ліха і бярэ: то сядзеш, то ляжаш, колікі падапруць, то якійсь чорт цябе душыць. Э! якая ваша бабская работа! плюнуць ня варта! Вось і цяпер: сядзіш дый бульбу скрабеш… Важная праца! А папрабавала-б так, як я, што тады сказала?
МАЛАНКА. Як не наскрабу бульбы і не звару, дык не вячэраўшы спаць пойдзеш. Вось кіну ўсё і гатуй сам, калі так гаворыш! (хоча і сьці ў хату).
ЯНКА (затрымоўвае яе). Ну, не, Маланка! Я ўжо больш нічога не скажу, толькі звары вячэру, бо, як лягу галодны, дык цыганы будуць сьніцца.
МАЛАНКА. Ну дык маўчы і сячы дровы.
Паўза. Янка, охаючы, сячэ дровы, пасьля сядае і зноў абцірае пот з лоба.
ЯНКА. Ох, нешчасьлівае жыцьцё наша! Усё мусім гараваць дый гараваць. Мазоліцца трэба, аддыхнуць некалі, мала-што кроўю не пацею, пакуль на кавалак хлеба зараблю… Усё нам напроціў ідзе, на няшчасьце… Не спадзявацца нам ужо дабра! Нішто нам так не ўдаецца, як мы хочам. Каб гэта Адам наш першы бацька не саграшыў, дык-бы і мы гэтак не працавалі. Ох, дурны-ж ён, дурны! Нашто яму было рваць яблык з праклятага дрэва, прападзі яно! Каб мне было гэта забаронена, дык я ані крануў-бы, — і мы-б жылі цяпер у раі, як паны на зямлі, пілі салодку гарбату з цытрынай дый елі кілбасу з капустай, клопату ніякага ня мелі-б, аб сярмязе не клапаціліся-б, бо голыя ў раі хадзілі-б, — а цяпер як сярмяжка зьдзярэцца, хоць ты з галавы выйдзі,