Перайсці да зместу

Старонка:Птушка шчасьця (1922).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА (кідаючы люльку). Фу! якое ліха!.. Маланка! хутчэй уцякайма да хаты, бо ведзьмы нас тут пагубіць хочуць. (Ударыў пярун; Янка з Маланкай правальваюцца пад зямлю).

Заслона.

AKT III.

Дэкарацыя такая, як у 1-м акце. Янка сьпіць на зямлі.

МАЛАНКА (выходзіць з хаты). Ну ўжо вячэра гатова, ідзі бульбу есьці. Што-ж гэта? Ён заснуў? Ну, уставай, павячэрай і кладзіся спаць у хаце, бо заўтра трэба рана ўстаць… Ну, Янка, а Янка!

ЯНКА (праз сон). Нашто місу адчыніла? Птушку нашто выпусьціла?

МАЛАНКА. Якую птушку? Куры ўжо ўсе даўно я загнала ў катух, сьпяць ужо.

ЯНКА (я. в.) Птушку нашто, ведзьма, выпусьціла? нашто місу адчыніла?

МАЛАНКА. А куды-ж мне было бульбу сыпаць? Адчыніла, бо ўжо бульба зварылася? Ты здурэў, ці сьпіш?

ЯНКА (прачхнуўшыся). А! — гэта-ж я, ўзапраўды спаў… І, ведаеш, прысьніўся мне сон, што мы былі ў раі і ты тамака выпусьціла птушку, якая сядзела ў місе. — Вось навет гэтакая самая была міса.

МАЛАНКА. Трэба будзе спытацца бабку Агату, што гэта значыць, бо яна ўмее добра сны тлумачыць… Можа гэта на якое ліха?

ЯНКА. Вось праз цябе, калі ня будзеш мяне слухацца, і будзе якое ліха!