Перайсці да зместу

Старонка:Птушка шчасьця (1922).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА. Дык-жа-ж ты адчыніла місу й выпусьціла птушку шчасьця?!

МАЛАНКА А ты нашто мне пазволіў?

ЯНКА. А што-ж было рабіць, калі ты прычапілася, як смала?

МАЛАНКА. Трэба было лупню даць, ты-ж муж, гэта тваё права… Значыцца ты мяне ня любіш, калі ня б‘еш, значыцца я для цябе ня жонка, а нейкая калода! (плача).

ЯНКА. Вось — ізноў пачалося на маю галаву! (да сябе). А можа й запраўды палупцаваць?

МАЛАНКА. О, бедная я, бедная!

ЯНКА. Ой, я бяднейшы за цябе, бо праз цябе і ў раі ня меў супакою. Ты навет тут патрапіла атруціць мне жыцьцё… Ну, але няма рады: сказана ветла: ідзеце вон да свае хаты, дык і трэба ісьці, каб яшчэ ляпей не папрасілі… Яшчэ толькі вып‘ю на дарогу адну-другую чарку… (хоча наліць сябе гарэлкі, стол ад яго ўцякае; злавіўшы стол, аднэй рукой устрымоўвае яго, а другой сабе чарку). А, чакай, брат, яшчэ я цябе ня пушчу! Няма што шкадаваць чалавеку чарку гарэліцы за тое толькі, што мае злую бабу… (п‘е) Фу! вада! Ну, значыцца ўзапраўды прапаў ужо мой рай… Ну, калі так — дык нічога не парадзіш: трэба зьбірацца да хаты… Вось толькі закурыў-бы яшчэ на дарогу люльку з райскім тутуном і — лахі пад пахі!.. (кліча) Гэй вы! ведзьмы! дайце, калі ласка, яшчэ крыху райскае махоркі!

(Убягаюць 2 Духі, так як раней — адзін з люлькай, другі з паходняй. Янка запальвае люльку, каторая робіць ўзрыў; з-пад зямлі паднімаюцца клубы дыму. Грыміць гром, бліснула маланка, пацямнела).