Перайсці да зместу

Старонка:Птушка шчасьця (1922).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА. Ну, калі так, дык чорт з табой! Бачу, што ўжо з табой раданькі ніякае ня дам… Трэба толькі паглядзець, ці нікагусенькі няма? (паглядзеўшы наўкола). Не, нікагуткі!.. Ну, глядзі ў гэтую праклятую місу, каб яна згарэла!

МАЛАНКА (адчыняе місу, з місы вылятае птушка). Ax, якая прыгожая птушачка!..

ЯНКА. Трымай! трымай!.. А, каб цябе немач! Вось уцякла птушка!.. Што-ж цяпер з гэтага будзе!..

МАЛАНКА. А ты-ж чаму не лавіў, целяпень, ты гэтакі?

ЯНКА. А ты нашто выпусьціла? Вось будзе цяпер бяда!

МАЛАНКА. А хто-ж мог ведаць, што яна сядзіць тамака ў місе?

ЯНКА. Зусім ня трэба было чапаць!

МАЛАНКА. Калі цікавасьць!..

ЯНКА. Вось праз тваю цікавасьць і прапалі мы цяпер… Хто ведае, што цяпер з гэтага будзе!

ЗЬЯВА 6.

ТЫЯ-Ж і ЛЯСУН.

ЛЯСУН. Янка і Маланка!

ЯНКА. Мы тут, паночку! Кланяемся ласцы панскай.

ЛЯСУН.

Ці споўнілі вы мой прыказ,
які тут дадзены для вас:
ці місы тэй вы не чапалі?
з цікавасьці не адчынялі?