гэнае разьвязаньне ўзаемаадносінаў абодвых прынцыпаў у плошчы сужыцьця грамадаў, пляменьняў, народаў. Сяньняшняя заблытанасьць палітычных адносінаў у міжнародным маштабе, права „малых“ і „вялікіх“, як ня трэ лепш паказвае, як вельмі цяжка знайсьці тую залатую сярэдзіну, дзе добра было-б і мне і майму суседу.
Камплекс Эдыпа, які ў культурных грамадзянствах лёгка ліквідуецца і пры належных умовах робіцца магутным жаралом потэнцыяльных магчымасьцяў адзінкі, гэны камплекс у больш прымітыўных формах суадносінаў быў прычынаю забойстваў, сьмерці бацькоў, старшых родаў, начальнікаў пляменьняў. Гэны-ж камплекс на’т на вышэйшым роўні разьвіцьця праходзячы цераз пэрыяд Totem i Tabu грамадзянстваў прымітыўных будзе крыніцаю нашае моралі, этыкі.
Псыхоаналіза ня толькі ў адносінах да гісторыі цывілізацыі паясьняе пяройдзеныя ўжо шляхі. Можам у ёй знайсьці паясьненьні адносна падзеяў гістарычных, ці нат тых, якія наглядаем сваімі собскімі вачыма. У насьвятленьні псыхоаналізы штораз меншая колькасьць таёмных загадак, зьявішчаў, непавязаных у адну цэласьць. Бязумоўна, што падзеі чалавецкія не прызнаюць ніякіх пераскокаў. Усё тутака аднолькава з жыцьцём паасобнае адзінкі ляжыць у рамах лёгікі. Магчыма, што мы толькі ў дадзены мамэнт ня бачым законаў гэнае лёгікі. У гэнай плошчы ўплыў продкаў дзеіць на нас, быццам сьвятло тых зорак, якія даўно ўжо пагасьлі, хаця сьвятло іх і сяньня мы бачым. Чым паясьняецца факт, што бачу лепшае а раблю горшае (video meliora, deteriora sequor). Дзе прычына, што павадыры грамадзянстваў паказываюць на мэты прыгожыя, адначасна паказываючы і на шляхі, якія да іх вядуць, з другое стараны і некаторыя слаі грамадзянства выказываюць шчырую ахвоту да зьдзейсьненьня паказаных мэтаў, а ня гледзячы на гэныя ўсе ўмовы самое зьдзейсьненьне астаецца пустым гукам?!
І толькі помнячы, што ў абедзьвюх сытуацыях побач з мэтамі сьвядомымі рэалізуем адначасна і тыя, над якімі няма ніякае кантролі, якіх нат прысутнасьці не падазраваем, дзеля таго, што разыгрываецца ўсё змаганьне ў плошчы нясьведамасьці, лёгка зразумеем разыходжаньні паміж ідэалам і сапраўднасьцю. Часта рэалізуем ня тое, што хочам, а тое, што можна, ці йнакш кажучы тое, на што пазволіла цэнзура.
У гэтым бачым аграмаднае значэньне ролі інстынктаў, калі інстынктам назавём свомасьць выконываньня мэтных актаў без таго, каб мы бачылі самую мэту ды адначасна бяз ніякага напрактыкаваньня ў выконываньні. Разважаючы вышэй сказанае, прыйдзём ла вываду, што інстынкт — гэта аснаўная пружына поступу. Розум — гэта толькі завяршэньне, найвышэйшы пункт працы сьвядомае над сабою адзінкі. Інтэлект сам астанецца сухім і бяздзейным, калі ня меціме падтрыманьня ў інстынктах.
Гэткім чынам мы дайшлі да вельмі важнае, магчыма найважнейшае стараны практычнае псыхоаналітычнага падыходу