— 72 —
ад вялікае нявыгады; ногі мне страшэнна баляць. Не дагадайся я, дык мне прышлося-б стаяць цэлыя тыдні, пакуль розум не вярнуўся-б да беднага хлопчыка“. Крыху пачакаўшы, ён думаў далей: „І вось я стаў рыцарам царства мараў і прыяваў! Сапраўды самае нязвычайнае і дзіўнае палажэньне для гэткага простага чалавека, як я. Тут не да сьмеху — не, крый Божа, — бо гэта-ж усё тое, што мне здаецца нерэальным, для яго сапраўднасьць. А для мяне таксама, у некаторым сэнсе, гэта не зьяўляецца недарэчнасьцяй: бо ў гэтых марах адбіваецца яго добрая, шляхетная душа“. Пасьля некаторага маўчаньня, ён заўважыў: „А што, калі ён пры людзях здумае называць мяне новым гучным імем! Забаўны контраст будзе паміж маім палажэньнем і маею вопраткаю. Хаця-ж, усё роўна, хай заве мяне, як хоча. Я ня выкажу нездаваленьня“.
РАЗЬДЗЕЛ XIII.
Прынц зьнік.
Моцная санлівасьць ахапіла абодвух таварышоў.
— Сьцягні гэтыя лахманы, — сказаў кароль, паказваючы на сваю вопратку.
Гэндон распрануў хлопчыка, не запярэчыўшы ні словам, і палажыў яго ў пасьцель. Пасьля, павёўшы вачыма па пакоі, ён панура падумаў: „Ён ізноў заняў маё ложка, як раней, — сапраўды, што-ж гэта рабіць?...“ Маленькі кароль заўважыў гэта і сказаў з сонным выглядам:
— Ты павінен спаць за дзьвярыма ды сьцерагчы іх.
Праз мінуту ён адляцеў далёка ад сваіх бедаў, патануўшы ў глыбокім сьне.