— 64 —
прыяцелем. Я выратаваў яго і гэта прыцягвае мяне да яго; дык сапраўды, я й палюбіў бойкага хлопца. Як паважна ён паглядаў на подлы натаўп, як быццам выклікаў яго! А цяпер, калі ён прагнаў пакуту й гора, які-ж у яго мілы, добры й ласкавы тварык. Я буду вучыць яго, вылечу; але, я буду яму старшым братам, пачну сьцерагчы й апекавацца ім, а хто адважыцца лаяць або пакрыўдзіць яго, таму не знасіць галавы, хоць там будзь, што будзе.
Ён схіліўся над спаўшым, і дабрадушна і ласкава гледзячы на яго, далікатненька паляскаў яго па шчацэ і пагладзіў па скудлачаных валасох сваею вялікаю, загарэлаю рукою. Лёгкія дрыготкі прабеглі па целе хлопчыка. Гэндон прамармытаў:
— Аднак-жа, да чаго гэта падобна — нельга пакідаць яго спаць ненакрытага; ён можа моцна прастудзіцца. Але як тут быць? Я збуджу яго, калі вазьму ды пакладу пад коўдру, а яму-ж трэба адпачыць.
Ен пачаў шукаць чаго-нібудзь замест коўдры, мае, незнайшоўшы нічога, скінуў свой камзол і ахінуў ім хлопчыка, кажучы: — Я прывык да холаду і магу застацца менш апраненым, ня зьмерзну, — і ён пачаў хадзіць то ўзад, то ўперад па пакоі, каб крыху сагрэцца, і, як раней, гутарыў сам з сабою:
— У сваім хворым уяўленьні ён лічыць сябе прынцам Уэльскім... Дзіўна было-б, каб заставаўся прынц Уэльскі, калі той, што ім быў, цяпер зрабіўся каралём; але хворы розум стаіць на адным і не размысьліць, што цяпер ужо ён павінен быў-бы пакінуць званьне прынца і ўзлажыць на сябе каралеўскае... Калі бацька мой яшчэ жывы, — ў працягу сямёх гадоў, перажытых мною на чужыне, я ня меў ніякае весткі, — дык ён ахвотна прыме небараку й велікадушна прытуліць яго дзеля мяне; мой старэйшы брат, Артур, таксама не адмо-