— 57 —
кароткія накідкі з малінавага атласу, а на галовах былі шапачкі, як у танцораў, з фазановымі пёрамі, — былі яны апранены паводлуг прускае моды. Сьвячуры, якіх было каля сту чалавек, насілі вопратку з малінавага атласу з зялёным, як у маўраў, і начарнілі сабе твары. Пасьля ішлі мімы, за імі замаскованыя мэнэстрэлі, — усе скакалі. Лёрды і лэді таксама скакалі з гэткім жарам, што люба было паглядзець“.
У той час, як Том, са свайго высокага крэсла, глядзеў на гэтыя „шалёныя“ скокі, не перастаючы дзівіцца з нявымоўнае рознаколернасьці багата апраненых фігураў, што віхрам круціліся перад ім, — абадраны, але сапраўдны прынц Уэльскі трэбаваў узнаўленьня сваіх правоў, ганіў самазванца і дамагаўся, каб яго дапусьцілі ў пакоі Гільдголю. Натаўп нямала пацяшаў гэты выпадак, — некаторыя стараліся праціснуцца наперад, выцягвалі шыі, каб паглядзець на маленькага мяцежніка. Іншыя пачалі жартаваць і сьмяяцца з яго, з мэтаю раздразьніць яго і выклікаць яшчэ большае шаленства, якое здавалася ім забаўным. Горкія сьлёзы выступілі ў хлопчыка на вачох, але ён бараніў свае правы і зусім пацарску адбіваў напады натаўпу. Пайшлі новыя зьдзекі й насьмешкі, зачапіўшыя яго, і ён гукнуў:
— Кажу вам ізноў, стада паскудных сабак, што я прынц Уэльскі! Хай пакінены й адзінокі я цяпер і няма ад каго чакаць мне добрага слова або падмогі ў бядзе, усё-ж такі не адступлюся я ад свае заявы, а наадварот, буду ўпарта падтрымліваць яе.
— Прынц ты, ці не, ўсё роўна, але ты слаўны хлопчык, і не адзінокі ўжо, — я з табою. Я дакажу, што лепшага прыяцеля, як Майльс Гэндон, не знайсьці табе. Сьціхні, дзіця; я пасвойму пагавару з гэтымі подлымі пацукамі.