— 28 —
тым загадваецца, каб ні перад кім не пярэчыў, што ён сапраўдны прынц і насьледнік анге́льскага пасаду й ве́лічы; каб ён падтрымліваў сваю каралеўскую дастойнасьць і прымаў, не протэстуючы ні словам, ні рухам, знакі пашаны й паслухнянасьці, якімі павінен карыстацца паводлуг права і здаўна ўстаноўленага звычаю; каб ён нікому не гаварыў аб сваім, нібыто, нізкім пахаджэньні і жабрацкім жыцьці, створаным яго зможаным, расстроеным уяўленьнем; каб ён моцна стараўся ўваскрасіць у сваёй памяці асобы, якія ён прывык бачыць вакол сябе... і калі ня зможа, дык хай маўчыць і не выдае свае слабое памяці ні выразам зьдзіўленьня, ні якім-нібудзь іншым знакам; нарэшце, ў дзяржаўных справах, калі якая-нібудзь акалічнасьць паставіць яго ў цяжкаватае палажэньне і ён ня будзе ведаць, як зрабіць і што сказаць, ён не павінен выдаваць неспакойнасьці перад зацікаўленымі паглядамі, і абавязаны пытацца рады ў лёрда Гэртфорда ці ў мяне, пакорнага слугі, — абодва мы назначаны дзеля спаўненьня гэтых абавязкаў і павінны знаходзіцца пры асобе прынца, аж пакуль ня будзем адкліканы. Гэтак меў ласку загадаць яго вялікасьць, пасылаючы прывітаньне вашай высокасьці й молячы Найвышэйшага, каб Ён даў вам хуткае выздараўленьне і надарыў вас на многія леты.
Лёрд Сэнт-Джон, пакланіўся і стаў з боку. А Том пакорна адказваў:
— Кароль гэтак загадаў. Ніхто ня сьмее не спаўняць загадаў караля, ператалкоўваць ці абходзіць іх. Пакараюся волі караля.
— Затым, з прычыны загаду караля, каб пакінуць кнігі і сур’ёзныя заняткі, — заўважыў лёрд Гэртфорд, — ці ня будзе ласкі вашае высокасьці праводзіць час у вясёлых гульнях, каб здароўе ваша не цярпела і каб вы ня былі змучаны падчас банкету.