— 19 —
„Ну, там, зьехаў ці не, а мы з бабкаю адлупцуем цябе, чэснае слова!“
І ён пацягнуў ашалелага і ўпартага прынца і зьнік з ім у адным з падворкаў, праводжаны вясёлым і гучным натаўпам вырадкаў грамадзянства.
РАЗЬДЗЕЛ V.
Том робіцца знатнаю асобаю.
Том Канці, пасьля таго, як застаўся адзін, пастараўся скарыстаць выгадны выпадак. І так і сяк ён глядзеў у люстра, цешачыся сваею вопраткаю, пасьля праспацыраваў, патураючы шляхетнай постаці прынца, і ўсё не пакідаючы сачыць за сабою. Затым агаліў раскошную шпагу і, пацалаваўшы яе й прытуліўшы да грудзей, пакланіўся, — ён бачыў пяць ці шэсьць тыдняў назад, як дабрародны рыцар аддаваў чэсьць начальніку Тоўэра, вядучы ў вастрог уладарных гэрцогаў Норфолька і Сорэя. Том гуляў з усеяным брылянтамі мечам, вісеўшым у яго на поясе; ён разглядаў дарагое й далікатнае упрыгожаньне пакою, сядаў на кожнае з пышных крэслаў і думаў, як было-б добра, каб галота Офаль-Корту зайшла сюды і ўбачыла яго ў гэткай вялічавай роскашы. Цікава, ці павераць яго таварышы, калі вернецца дамоў, у поўны цудаў расказ, ці пачнуць махаць галовамі й казаць, што распаленае ўяўленьне пазбавіла яго розуму?
Нарэшце, праз паўгадзіны часу, Тому здалося, што прынц надоўга выйшаў; яму зрабілася сумна, ён пачаў прыслухвацца, пакінуўшы гуляць прыгожымі цацкамі, што былі вакол яго; неспакойнасьць абярнулася ў трывогу й страх. Дапусьцім, што хто-нібудзь увайдзе й застане яго ў прынцавай адзежы, а самога прынца няма, каб вы-