— 210 —
чыма раскошна апраненую грамаду ды раскошны салён, мармычучы: „Але-ж гэта рэальнасьць, ява... ня сон!“ — дый зноў утаропіўся ў караля... „Ці здань гэта, — думаў ён, — ці сапраўды такі кароль, ангельскі монарх, а не бяспрытульны Том, за якога я лічыў яго. Як рашыць гэтую загадку?
Раптам шчасьлівая думка бліснула ў яго галаве. Ён падыйшоў да сьцяны, узяў крэсла, прынёс яго і сеў.
Пачуліся злосныя воклікі, нечая рука цяжка спусьцілася яму на плячо, нечы голас гукнуў:
— Устань, бесцэрамонны камэдыянт! Як сьмееш ты сядзець у прысутнасьці караля!
Заварушэньне прыцягнула ўвагу яго вялікасьці; ён выцягнуў руку і гукнуў:
— Пакіньце, гэта яго прывілей!
Усе адступілі, зьдзівіўшыся. А кароль казаў далей:
— Хай будзе вядома вам, лэді, лёрды і джэнтльмэны, што гэта наш верны і любы слуга, Майльс Гэндон, які сваім рыцарскім мечам выратаваў караля ад пабояў, можа навет і ад сьмерці — і за гэта ўзьведзены намі ў рыцары. Ведайце таксама, што яшчэ за вышэйшую паслугу— за збаўленьне свайго караля ад бізуна й пагарды, мы надаём яму званьне пэра Англіі, графа Кэнцкага, з наградаю абшарамі й даходамі, належнымі яго высокаму званьню. Мала таго, прывілей, якім ён толькі што скарыстаўся, застаецца за ім, з нашае волі, і адсюль права сядзець у прысутнасьці каралёў Англіі пераходзіць да старшага ў яго родзе, з пакаленьня ў пакаленьне, аж пакуль будзе істнаваць ангельскі пасад.
Дзьве асобы, з прычыны задзержкі ў дарозе, прыехаўшыя з вёскі толькі гэтаю раніцай і ўжо каля пяцёх мінут быўшыя ў палацы, з няпэўнасьцю і зьдзіўленьнем пазіралі то на караля, то на „вароняе пудзела“. Гэта быў сэр Гью і лэді Эды-