— 202 —
І Том выкладваў усе падробнасьці, а другі хлопчык пацьвярджальна памахваў галавою, а многалюднае сабраньне й царадворцы пазіралі абзадачаныя, зьдзіўленыя. Расказ меў падобны да праўды характар, але якім чынам, паўстае запытаньне, маглі блізка зыйсьціся прынц і жабрак? Ніколі яшчэ ніводнае сабраньне ня было гэтак абзадачаным і зацікаўленым.
— Дзеля жарту, гаспадару, вы памяняліся вопраткаю. Пасьля мы падыйшлі да люстра, і гэтак падобны былі адзін да аднаго, што абодвым здалося, быццам ніякага пераапрананьня й не адбывалася. Раптам вы заўважылі ў мяне на руцэ сіняк — вось ён, дасюль яшчэ не магу пісаць, пальцы быццам зьдзеравянелі. Вашая вялікасьць падскочылі, палаючы гневам, грозячы расправіцца з салдатам і скіраваліся да выхаду. Прабягаючы каля стала, схапілі тую рэч, якую называюць дзяржаўнаю пячаткаю, але, схапілі яе, і нецярпліва азіраючыся, як-бы шукаючы месца, дзе схаваць... Тут вы заўважылі...
— Так, так, годзі! Дзякуй Богу, — гукнуў абадраны пратэндэнт на пасад. — Ідзеце, мой добры Сэнт-Джон, у рукаве мае кальчугі, што вісіць на сьцяне, знайдзеце пячатку.
— Так, вашая вялікасьць, так, — закрычаў Том Канці, — цяпер карона Англіі ваша, і таму, хто здумае пярэчыць вашым правом, не знасіць галавы. Сьпяшайцеся, ляцеце, сэр Джон!
Усё сабраньне было цяпер на нагах, страціўшы галовы ад неспакою, трывогі і нязвычайнага ўзварушэньня. У ніжнім ярусе, на падмостках, на галерэях падняўся аглушальны шум — пашлі гутаркі, спрэчкі; у працягу некалькіх мінут цяжка было разабрацца ці пачуць, як трэба, што-нібудзь — усе гаварылі разам. Час праходзіў незаметна. Нарэшце, усё змоўкла: паказаўся лёрд