— 185 —
напомніла яму, што пры нябожчыку бацьку тамілася ў арышце да пяцьдзесяцёх тысяч праступнікаў, што ў працягу яго слаўнага панаваньня кат адправіў на той сьвет больш, як семдзесят дзьве тысячы зладзеяў і разбойнікаў, — хлопчык загарэўся шляхетным гневам, прыказаў ёй пайсьці ў свае пакоі і маліць Бога, каб ён вырваў з грудзей яе камень і ўлажыў замест яго чалавечае сэрца.
Няўжо-ж гэта Тома ніколі ня трывожыла думка пра беднага законнага, маленечкага прынца, які гэтак ласкава абыйшоўся з ім, які з гэткаю гарачкаю кінуўся, каб расправіцца з грубым вартаўніком, стаяўшым каля брамы палацу. Так, першыя дні і ночы, праведзеныя ім у палацы, былі атручаны цяжкімі думамі аб згінуўшым прынцу; ён шчыра жадаў яго павароту і шчасьлівага аднаўленьня яго ў правох. Але з бегам часу, згубіўшы надзею ўбачыць свайго дабрадзея, Том усё больш ды больш уцягваўся ў новую, цудоўную абстаноўку, і абраз маленькага монарха блізу што саўсім сьцёрся з яго памяці; а часам, калі гэтая прыява неадступна прасьледавала яго, дык ён гарэў ад сораму і гатоў быў узваліць на сябе віну.
Бедная маці й сёстры таксама былі запомнены Томам. Спачатку ён сумаваў па іх і гараваў, хацеў бачыць іх, але пасьля думка аб тым, што ў адзін прыгожы дзень яны могуць зьявіцца ў палац абадраныя і гразныя, выдаць яго сваімі абняцьцямі ды пацалункамі, скінуць з вышыні велічы і ўцягнуць за сабою ў бяздоньне галіты ды паніжэньня, — адна думка аб гэтым кідала яго ў трасцу. Урэшце ўсяго і яны пакінулі турбаваць яго. І ён быў задаволены, навет рад, бо кожны раз, як перад ім паўставалі гэтыя сумныя, поўныя дакору твары, ён пачуваў сябе пагардлівей за ўсякую паўзучую гадзіну.
19-га лютага, а поўначы, Том Канці заснуў у сваёй багатай пасьцелі, сярод пышнае царскае