— 181 —
РАЗЬДЗЕЛ XXIX.
Ў Лёндан.
Па скончаньні кары, Гэндона звольнілі з калодак, абавязаўшы яго пакінуць край і ніколі не вяртацца. Яму аддалі меч, мула і асла. Ён сеў конна і паехаў, праводжаны каралём. Натаўп пашанліва і маўкліва ачысьціў ім дарогу і хутка парасходзіўся.
Гэндон ехаў конна ў глыбокай задуме. Наперадзе было вырашэньне важных пытаньняў. Што рабіць? Куды скіравацца? Трэба знайсьці ўплывовае падтрыманьне, альбо раз назаўсёды адмовіцца ад правоў на спадчыну і набыць рэпутацыю машэньніка. Але дзе знайсьці гэтае ўплывовае падтрыманьне? Дзе? Цяжкая задача. Раптам яго акрыла думка, паказваўшая магчымасьць выхаду з труднаватага палажэньня, праўда, слабую магчымасьць, але ўсё-такі заслужваўшую ўвагі, дзеля таго, што ня было нічога болей пэўнага. Ён спомніў, што расказваў стары Андрыюс пра маладога караля, пра яго дабрату і апеку над усімі прыгнечанымі і няшчаснымі. Чаму-ж бы яму не спрабаваць дабрацца да яго ды шукаць справядлівасьці. Ах, гэта добра — але ці дапушчаны будзе гэткі невядомы галыш да сьветлых вачэй монарха? Усё роўна чаму быць, таго не абмінуць. Гэндон быў загартованым ваякаю, ня раз пускаўшымся на хітрыкі ды штукі; нічога, ён што-нібудзь выдумае, знайдзе шчыліну. Але, трэба ехаць у сталіцу. Быць можа, яму паможаць стары бацькаў прыяцель — сэр Гёмфры Марлё, „добры стары сэр Гёмфры, старшы даглядчык каралеўскае кухні ці стайні, ці чагосьці там“. Майльс ня мог прыпомніць, чаго якраз. Цяпер, калі яму было на што скіраваць сваю энэргію, калі наперадзе стаяла выразная мэта, уніжанае і прыгне-