— 178 —
ў твар Гэндону, пры гэтым натаўп заліўся радасным вясёлым сьмехам. Хлопчык кінуўся на адкрыты пляц і крыкнуў да стражніка:
— Стыдайцеся! Гэта мой слуга — пусьцеце яго! Я...
— Сьціхні! — з жахам крыкнуў Гэндон, ты губіш сябе! Не зьвяртай, браце на яго ўвагі — ён вар’ят.
— Ня турбуйся, прыяцель, я ня думаю зьвяртаць увагі, але правучыць яго трэба. Зьвярнуўшыся да аднаго з сваіх падуладных, стражнік сказаў: Дай, вось, гэтаму дурню пакаштаваць бізуна раз ці два, каб адвучыўся ад сваіх штукаў!
— Паўтузіна лепей прыдзецца яму да смаку, — ўставіў сэр Гью, толькі што пад’ехаўшы, каб паглядзець на экзэкуцыю.
Кароль быў схоплены. Ён навет не працівіўся, — да таго аглушыла яго зьнявага, якую рыхтаваліся зрабіць яго сьвятарнай асобе. Гісторыя ўжо мае плямы апавяданьня пра тое, як ангельскага караля лупілі бізунамі, — і думка, што цяпер прыбудзе яшчэ адна ганебная страніца, здавалася хлопчыку жахоўнаю. Ён трапіў у бяду, падмогі чакаць няма адкуль; заставалася альбо адбыць кару, альбо прасіць літасьці. Цяжкае палажэньне! Але, як кароль, ён лепш перанясе ўдары, чымся пачне прасіць літасьці.
Тут Майльс вывяў яго з труднага палажэньня.
— Пусьцеце хлопчыка, злыя сабакі! — крыкнуў ён. — Хіба ня бачыце, што ён малы і худзенькі? Пусьцеце — хай мне ўляціць за яго.
— Сапраўды-ж прыгожая думка — дзякую! — заўважыў сэр Гью, і твар яго загарэўся злосна-радасным выглядам. — Пусьцеце маленькага жабрачка і ўсыпце малайцу тузін гарачых — добры тузін, як належыць.
Кароль зьбіраўся моцна протэставаць, але сэр Гью спыніў яго, прыгразіўшы: