— 173 —
я ізноў дайду да ўлады і выратую вас ад горкае долі, верце мне.
Раніцай, калі ўстаў кароль, жанчын ужо ня было.
— Іх звольнілі!— радасна сказаў ён; пасьля з роспаччу дадаў: — Але, гора мне — яны цешылі мяне.
Кожная з іх прышпіліла да яго вопраткі па кавалку стужачкі, на памятку. Хлопчык пастанавіў хаваць іх праз усё жыцьцё, затым у хуткім часе знайсьці няшчасных і ўзяць іх пад сваю апеку.
У гэту мінуту ўвайшоў вастрожнік з некалькімі памоцнікамі і загадаў вывясьці ўсіх арыштантаў на двор. Кароль ня помніў сябе з радасьці... Якое шчасьце! Ён ізноў убачыць блакітнае неба, ізноў будзе дыхаць сьвежым паветрам! Ён нэрваваўся і злаваў, бачачы, як марудзяць вастрожныя слугі, але прыйшла і яго чарга — яго раскавалі і выпусьцілі разам з Гэндонам.
Квадратны вастрожны падворак быў выбрукаваны каменьнямі. Арыштованых вялі цераз масыўны скляпісты ход і выстраілі шарэнгу плячыма да сьцяны. Перад імі працягнулі вяроўку і паставілі варту. Было халоднае, хмурнае раньне, лёгкі сьняжок, выпаўшы ўночы, пакрыў белаю посьцілкаю вялізны пляц падворку, надаўшы яму яшчэ больш пануры выгляд. Час-ад-часу ўрываўся халодны віхар і, круцячы, разьмятаў сьнег.
На сярэдзіне падворку стаялі дзьве жанчыны, прыкованыя да ганебных стаўпоў. З першага пагляду кароль пазнаў сваіх добрых знаёмых. Ён здрыгануўся. „Ага, іх ня звольнілі, як я думаў“, праляцела ў яго ў галаве. „І падумаць толькі, што ім прыдзецца вытрываць удары бізуноў, і дзе? — у Англіі. Ой, які сорам! То-ж гэта робіцца не ў якой-нібудзь дзікай старане, а ў хрысьціянскай Англіі! Іх будуць біць, а я,