— 159 —
Дзякуй Богу, хоць адна ўцеха! Хутчэй, братка, пакліч яе сюды! Калі й яна ня прызнае мяне... не, гэтага ня можа быць... Не, не, яна пазнае — дурасьць з майго боку навет ня мець пэўнасьці ў гэтым. Прывядзі яе, пакліч і старых слугаў — яны таксама павінны памятаць мяне.
— Усе яны памёрлі — засталося толькі пяцёх: Піцер, Гальсэй, Дэвід, Бэрнарды і Маргарэт.
Сказаўшы гэта, Гью выйшаў з пакою. Майльс пастаяў з мінуту, затым задумаўшыся захадзіў па пакоі, разважаючы сам з сабою:
— Пяцёх нягоднікаў перажылі дваццацёх чэсных і верных — дзіўная рэч.
Ён то ўзад, то ўперад хадзіў далей, нешта мармычучы, саўсім запомніўшы пра караля. Раптам яго вялікасьць сказаў сур’ёзна з выразам шчырага спачуваньня, хаця словы яго і маглі быць вытлумачаны ў іронічным сэнсе:
— Ня сумуй, добры чалавек; ёсьць і апрача цябе людзі, тая самая асабістасьць якіх ня прызнаецца, а пратэнсіі выклікаюць сьмех. Ты не адзін.
— Ах, гаспадару! — крыкнуў Гэндон, чырванеючы, — ты хаця не асудзі мяне — пачакай і пабачыш. Я не ашуканец — яна сама пацьвердзіць; ты пачуеш гэта з яе найпрыгажэйшых вуснаў. Я не самазванец, не, я знаю гэты стары замак і ўдоўж і ўпоперак, усе абразы продкаў, усе акалічныя рэчы мне гэтаксама добра знаёмы, як дзіцяці яго дзіцячы пакой. Тут я радзіўся і вырас, гаспадару; кажу праўду—я не ашукваў-бы цябе. Хай ніхто ня верыць мне, але цябе я малю быць пэўным — гэтага я ня вытрываю.
— Я ні кроплі ня маю няпэўнасьці, — сказаў кароль з дзіцячаю прастатою і вераю.
— Дзякую табе са ўсяго сэрца, — з гарачкаю сказаў праняты Гэндон.
— А ты верыш мне?