— 146 —
Зараз-жа пасьля гэтага Гьюго скіраваўся за вугол, шмыгануў у крывы завулак; цераз мінуту ён ізноў паказаўся, з самым роўнадушным і невінаватым выглядам спыніўся каля стаўпа, з цікавасьцю чакаючы, што будзе далей.
Кароль са злосьцю кінуў скрутак на зямлю; пры гэтым коўдра расхінулася. Якраз у гэту мінуту прыбегла жанчына, з натаўпам народу за ёю. Схапіўшы аднэю рукою хлопчыка, другою трымаючы скрутак, яна пачала адчытваць няшчаснага, дарэмна прабаваўшага вырвацца.
Гьюго ўбачыўшы, што яго вораг схоплены і, дзеля гэтага, не ўцячэ ад суда, скіраваўся трыумфуючы й задаволены, у табар, па дарозе прыдумваючы падобную да праўды гісторыю, дзеля данясеньня атаману.
Кароль далей трапястаўся ў чэпкіх руках жанчыны, сярдзіта крычучы:
— Пусьці мяне, дурная баба! Ня я ўкраў твой гадкі скрутак!
Натаўп абступіў іх, пагражаючы каралю, абсыпаючы яго лаянкамі. Нейкі каваль, увесь у сажы, з раменным хвартухом, закасаўшы рукавы, праціснуўся наперад, дзеля таго, каб як мае быць правучыць яго; але раптам у паветры бліснуў меч і адбыўся ўдар плоскім бокам па выцягненай руцэ.
— Ціха, добрыя людзі, няма чаго злаваць і лаяцца. Закон разьбярэ справу, а вам няварта соўвацца. Каваль абвёў вокам паважную фігуру ваякі і адступіў на пятках назад, мармычучы і пачэсваючы сабе руку. Жанчына неахвотна выпусьціла каралёву руку. Натаўп няпрыязна пазіраў на незнаёмца, але разумна маўчаў. Кароль кінуўся да свайго збавіцеля, пачырванеўшы, са зьзяўшым выглядам:
— Доўга-ж ты прападаў, сэр Майльс, але зьявіўся якраз упару. Паразганяй-жа гэты натаўп.