— 123 —
прыняўшае выгляд жывёлы. Дый кожны іншы хлопчык, у той забабонны век, разважаў-бы якраз гэтак-жа сама.
Кароль вельмі ўцешыўся ад свае знаходкі; ён быў рад, што каля яго цяпер хоць адна жывая істота. Адзінота абцяжвала яго; а людзі гэтак зьневажалі яго, гэтак блага абходзіліся з ім, што ён перажываў радаснае чуцьцё ў таварыстве спакойнае й нязлоснае істоты, хоць і не надзеленае вышэйшымі духоўнымі якасьцямі. І ён пачаў лашчыць цялё.
Пакуль хлопчык гладзіў мягкі цёплы хрыбёт жывёліны, ён сьцяміў, што цялё можа саслужыць яму службу. Ён зараз-жа падсунуў сваю пасьцель бліжэй да яго, укрыў свайго новага прыяцеля, і цераз некалькі мінут яму было так цяпло і так прытульна, як ніколі яшчэ ня бывала на пярынах у каралеўскім Уэстмінстэрскім палацы.
Прыемныя адчуваньні заўладалі ім, жыцьцё здалося прыгажэйшым. Ён вызваліўся з няволі, уцёк ад праступнага таварыства адкіненых і разбойнікаў; цяпер яму цяпло, прытульна— адным словам, ён шчасьлівы. Вецер, тым часам, мацнеў; ён налятаў парывамі, ад якіх стары хлеў дрыжэў і трашчаў; пасьля сіла яго слабела, і ён з выцьцём пачынаў разгульваці па кутох і выступах. Але цяпер, калі каралю было цяпло і добра, дык выцьцё буры здавалася навет прыемным; хай сабе сьвішча й бушуе, няхай рве й цярэбіць, няхай стогне й вые, яму ўсё роўна, наадварот, яшчэ ляпей. Ён шчыльней прыціснуўся да свайго таварыша, адчуваючы салодкасьць цяплыні, і забыўся моцным, ціхім, шчасьлівым сном. Недзе далёка чулася выцьцё сабак, ныткае мычаньне, а вецер усё бушаваў і дождж заўзята шарахцеў па страсе хлява. Але ангельскі кароль спаў безьмяцежным сном, так сама, як і цялё, якога ня трывожыла