Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

—  117  —

 

Гаспадыню й дачок яны ласкава трапалі па падбародку й па шчоках, калі тыя падавалі яду, выкідалі грубыя жарты, давалі насьмешлівыя мянюшкі, ўсё гэта з сіплівым, грубым сьмехам; кідалі касьцьмі й агароднінай у гаспадара й сыноў яго, так што тыя павінны былі ўвесь час выкручвацца, і пры кожным меткім удары чуўся рогат. Скончылі тым, што вымазалі маслам галаву аднэй з дзяўчат за тое, што не пазваляла ім ніякіх вольнасьцяў. Адходзячы, яны прыгразілі, што вернуцца і спаляць дом з жыхарамі, калі на іх данясуць уладам.

Каля палудня, пасьля доўгага й цяжкага пераходу, шайка зрабіла адпачынак пад плотам хаты, што была недалёка ад вялікага сяла. Адпачыўшы з гадзіну, ўсе разыйшліся, каб увайсьці ў сяло з розных бакоў ды заняцца—кожны сваёю справаю. „Джэка“ паслалі з Гьюго. Яны некаторы час бадзяліся то ўзад, то ўперад; Гьюго ўсё чакаў спагаднага выпадку, але не знаходзіў яго.

— І сьвіснуць няма чаго! Вось паганае месца! Прыдзецца прасіць міласьціны.

— Я ня буду прасіць. Ты можаш — гэта твая справа й да твару табе.

— Ня будзеш? — сказаў Гьюго, са зьдзіўленьнем аглядаючы караля. — З якога гэта часу ты гэтак зьмяніўся?

— Гэта-ж як?

— Хіба-ж ты не жабраваў раней на лёнданскіх вуліцах?

— Я? Дык ты проста дурань!

— Ня вельмі так распушчай язык — для цябе-ж самога здаравей будзе. Бацька твой сам казаў, што ты змалку жабраваў. Хіба ён маніў. Чаго добрага, й ты скажаш, што ён маніць? — жартаваў Гьюго.

— Ты думаеш, што ён мне бацька? Але, ён маніў!