Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

—  113  —

 

нулі… Што заставалася рабіць, як не жабраваць — і трэці раз злавілі мяне ды прадалі ў няволю. Вось на шчацэ чырвонае кляймо S; варта толькі змыць гразь, і відаць будзе. Раб! Ці разумееце вы, што гэта значыць! Ангельскі раб! Вось ён перад вамі. Я ўцёк ад свайго пана, і калі пападуся — будзь праклятым край, стварыўшы гэткі закон! — калі пападуся, дык павесяць вось і ўсё.

Гучны голас пачуўся ў глыбіне сьвірна:

— Не, не павесяць! Сягоньня-ж канец гэтаму закону!

Ўсе адвярнуліся і ўбачылі фантастычную фігурку маленечкага караля, падходзіўшага да кампаніі; калі ён падыйшоў да сьвятла, пачуліся распытваньні:

— Хто гэта? Гэта што за птушка? Хто ты, абадранец?

Хлопчык стаяў спакойна, бяз ніякага замяшаньня, ня гледзячы на масу ўтаропленых на яго цікавых паглядаў.

— Я Адварды, кароль Англіі, — сказаў ён са шчыра-царскаю дастойнасьцю.

Разьлёгся магутны рогат — адных гэта пацешная заява расьсьмяшыла, другіх ахапіла радасьцяй. Кароль скрыўдзіўся.

— Ах, вы неабчэсаныя, бадзякі, дык вось ваша падзяка за даклярованую вам міласьць!

Ён яшчэ казаў нешта, злосна й нэрвова жэстыкулюючы, але словы яго заглушаліся рогатам ды насьмешлівымі выгукваньнямі, „Джон Гобс“ некалькі разоў прабаваў нешта сказаць; нарэшце, яму ўдалося.

— Хлопцы, — закрычаў ён, — гэта мой сынок; ён прыдуркаваты, зьехаў з глузду — уяўляе сябе каралём. Ды вы не зьвяртайце ўвагі.

— Я кароль, — сказаў Адварды, зьвяртаючыся да яго, — ты з часам зьведаеш гэта на ўлас-