— 97 —
У той забабонны час падобны довад меў непераможную сілу. Том разумеў, што справа скончана; калі яшчэ меліся й паказаньні сьведкаў, дык віна лічылася даказанаю. Аднак, ён даў арыштанту апошняе слова.
— Калі можаш сказаць што-нібудзь у сваё апраўданьне, дык кажы:
— Нішто не паможа мне, гаспадару. Я невінаваты, але не магу нічым пацьвярдзіць гэтага. Няма ў мяне тутака знаёмых, а то я даказаў-бы, што навет і ня быў у Ісьлінгтоне ў той дзень; я даказаў-бы, што ў той час, які яны прыводзяць, быў я ў Уопінг-Ольд-Стэйрсе, больш, як за мілю дарогі. Мала таго, гаспадару, я мог-бы выясьніць, што якраз у гэту мінуту я ратаваў чалавека, а не пазбаўляў каго-нібудзь жыцьця. Хлопчык, што тапіўся...
— Годзі! Шэрыф, у які дзень было зроблена праступленьне?
— У дзень новага году, найсьвятлейшы гаспадару, каля дзесятай гадзіны раніцай.
— Пусьціць арыштованага на волю — гэтак загадвае кароль!
Падчас гэтае рэзвасьці, не саўсім адпаведнай каралеўскай дастойнасьці, ён увесь пачырванеў, і, як умеў, пастараўся загладзіць сваё павядзеньне.
— Мяне ліха бярэ, — сказаў ён, — што маглі засудзіць чалавека на сьмерць, на грунце гэткіх непраўдзівых, лёгкаважных паказаньняў.
Глухі шэпт зьдзіўленьня праляцеў па ўсёй залі. Усе вельмі ўцешыліся, але не ад рэзалюцыі Тома, — бо наўрад, ці хто-нібудзь з прысутных пачаў-бы згаджацца з апраўданьнем труціцеля, ці цешыцца літасьцю да праступніка, — не, уцеха адносілася да кемкасьці й розуму, выказанага хлопчыкам. Пачуліся ціхія ўвагі:
— Ды ён саўсім не звар’яцелы — ён пры здаровым розуме.