— 91 —
Аднаго толькі ён баяўся — падходзіў чацьвёрты дзень, якога ён чакаў не бяз трывогі ў сэрцы, — дзень параднага абеду. У праграму заняткаў уваходзілі асабліва важныя справы: Тому надходзіла маршалкаваць у радзе й выказаць свае пагляды, накідаць пляны вонкавай палітыкі адносна чужаземных дзяржаваў, параскіданых па ўсёй зямной кулі; ў той-жа самы дзень Гэртфорд павінен быў быць узьведзены офіцыяльна ў стан лёрда-протэктара. Былі назначаны й іншыя важныя справы, але яны здаваліся Тому пустымі, ў параўнаньні з цяжкаю пробаю — абедаць пры гэткай масе цікавых вачэй, уталопленых у яго, пры бесьперастанным перашэптаваньні аб яго павядзеньні, асабліва калі ён будзе мець няшчасьце дапусьціць тую ці іншую абмылку.
Але вось настаў страшны чацьвёрты дзень. Бедны Том сустрэў яго ў прыгнечаным становішчы духу; ён ніяк ня мог адкараскацца ад гэткага настрою. Звычайныя ранешнія заняткі тамілі яго, рукі зьвісалі. Ізноў адчуваўся гнёт цяжкае няволі.
Каля паўдня ён ужо быў у вялікай аудыенц-залі і вёў гутарку з графам Гэртфордам, з сумам чакаючы гадзіны прынятку саноўнікаў і прыдворных.
Пацыйшоўшы да вакна, Том зацікавіўся жвавым рухам на вялікай дарозе, за брамаю палацу, — і ня простая цікавасьць загаварыла ў ім, а непераможнае жаданьне асабіста быць у гэтым натаўпе. Ён бачыў, падходзіўшую з гікам і крыкам, масу беспарадачнае чэрні — мужчын, жанчын і дзяцей найпрасьцейшае і найбяднейшае клясы.
— Хацеў-бы я ведаць, што там робіцца! — сказаў ён з цікавасьцю, свойскаю хлопчыкам у падобных выпадках.
— Ты—кароль! — урачыста прамовіў граф, нізка кланяючыся. — Ласка будзе вашае вялікасьці прыказаць даведацца?