— 90 —
РАЗЬДЗЕЛ XV.
Том — кароль.
На чародны дзень зьявіліся чужаземныя паслы з бліскучаю сьвітаю; Том прымаў іх, седзячы на пасадзе, акружаны раскошнаю абстаноўкаю. Спачатку ён быў вельмі рад ад пышнага зьявішча, уяўленьне яго разгулялася, але аудыенцыя выйшла надта доўгая й невясёлая, як і большая часьць прамоваў — адным словам, нядаўная радасьць паступова перайшла ў сум і тугу. Том голасна казаў фразы, якія ад часу да часу падказваў яму Гэртфорд; ён з усяе сілы стараўся, як мае быць, справіцца з накладзенай на яго задачаю, але справа была для яго новая і настолькі мудрая, што нялёгка было хаця так-сяк выпаўніць яе. Хлопчык выглядаў блізу што сапраўдным каралём, але далёка ня так чуў сябе. Ён шчыра ўцешыўся, калі цэрэмонія скончылася.
Большая часьць дня згублена, — думаў ён, — у занятках, што ляжаць на яго абавязку. А тыя дзьве гадзіны, якія прызначаліся на гульні й веселасьць, хутчэй былі для яго цяжкімі, настолькі ён сьцісьнены быў рознымі абмежаваньнямі ды этыкетам. Хоць-жа, яму выпала гадзінка ў таварыстве Гёмфры, — прыемная гадзінка, таму што, апрача ўцехі, ён вынес яшчэ такія-сякія неабходныя ведамасьці.
Трэці дзень караляваньня Тома Канці прайшоў гэтак-жа сама, як і першыя два дні; але з аднаго боку ахінаўшы яго туман разьвеяўся — ён ужо не пачуваў сябе гэтак няспрытна, як раней. Пакрысе ён прывыкаў да акружаўшай яго абстаноўкі; кайданы няволі ўсё яшчэ трывожылі яго, хоць і не заўсёды. Ён пачаў заўважаць, што прысутнасьць вяльможаў ды іхняя лісьлівасьць з кожнай гадзінай усё менш ды менш зьвязваюць ды засмучваюць яго.