Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьледчы Бэрніс улічаў сябе за такога праніклівага чалавека, што, ня маючы матэрыялу супроць абвінавачанага, ня ведаючы, за вошта яго абвінавачваць і за вошта ён наогул сядзіць тут, ён з адных назіраньняў за тым, як чалавек трымаецца на допыце ды па выразу ягонага твару рабіў сьмелыя высновы. Яго праніклівасьць і веданьне людзей былі такія глыбокія, што аднаго цыгана, які трапіў у гарнізонную турму з свайго палка за тое, што ўкраў некалькі тузінаў бялізны (ён быў за падручнага ў каптэнармуса), Бэрніс абвінаваціў у політычным злачынстве, нібыта ён у нейкім шынку агітаваў перад салдатамі за ўтварэньне самастойнае дзяржавы з чэскіх і славацкіх земляў з каралём-славянінам на чале.

— У нас на руках дакуманты, — сказаў ён няшчаснаму цыгану, — вам застаецца адно прызнацца, у якім шынку вы гэта казалі, якога палка былі тыя салдаты, што вас слухалі і калі гэта адбывалася.

Няшчасны цыган выдумаў і дату і шынок і полк, да якога нібыта належалі яго слухачы, а як варочаўся з допыту, проста зьбег з гарнізоннае турмы.

— Вы ня хочаце ні ў чым павініцца? — запытаў Бэрніс, бачачы, што Швэйк захоўвае магільнае маўчаньне. — Вы ня хочаце сказаць, за вошта вас пасадзілі? Каму-каму, а мне-б вы маглі гэта сказаць, пакуль я сам вам не напамянуў. Яшчэ раз кажу вам павініцеся. Вам-жа лепей будзе, бо гэта палегчыць росьсьлед і зьменшыць пакараньне. У гэтым сэнсе тут тое самае, што і ў цывільных судох.

— Дазвольце далажыць, — пачуўся нарэшце добрадушны Швэйкаў голас, — я тут, у гарнізоннай турме, усёроўна, што знайда.

— Што вы маеце гэтым сказаць?

— Дазвольце далажыць, магу растлумачыць гэта зусім проста... На нашай вуліцы жыве вугляр, у яго ёсьць двухгадовае хлапчаня — зусім нявінёнтак. Забрало раз гэтае хлапчаня адно пеша з Вінаградаў у Лібень[1], і яго знайшоў паліцыянт як сядзела яно на тротуары. Завёў яго паліцыянт у вучастак,

  1. Раёны на розных канцох Прагі.