ралі ў яго ўсё пер‘е з хваста і ўвабраліся ў яго, нібы паліцыянты. Папуга з сораму, што астаўся бязхвосты, занядужаў, а вэтэрынар даканаў яго парашкамі. Дык вось гэтая дама і кажа, што, значыцца, яна хоча купіць новага папугу, але адукаванага, а ня нейкага там грубіяна, што адно і здатны на тое, каб лаяцца. Што я меў рабіць, калі аніякага папугі ў мяне ў хаце ня было, дый на воку ня было ніводнага? А быў у мяне толькі люты бульдог, зусім сьляпы. Дык я мусіў, пане паручнік, гаварыць з гэтай дамай ад чацьвертай гадзіны дня да сёмае ўвечары, пакуль яна ня купіла замест папугі сьляпога бульдога. Гэта было мудрэй, чымся ўлагодзіць хоць якое дыплёматычнае непаразуменьне. Як яна выходзіла, я сказаў ёй: „Хай-тку цяпер хлапчукі паспрабуюць выдраць яму хвост“, — і больш мне з гэтай дамай не давялося ўжо сустрэцца: яна мусіла выехаць з Прагі, бо бульдог перакусаў увесь дом. Дайце веры, пане паручнік, што здабыць добрага сабаку вельмі і вельмі цяжка.
— Я дужа люблю сабак, — сказаў паручнік. — Некаторыя мае таварышы ўзялі на фронт сваіх сабак, дык яны пісалі мне, што ў таварыстве такога вернага і адданага друга франтавая служба праходзіць неўзаметку. Вы, я бачу, знаеце добра ўсе пароды сабак і, каб у мяне быў сабака, вы-б патрапілі яго даглядаць. Якая парода на ваш погляд найлепшая? Быў у мяне калісьці пінчэр, але я ня ведаю…
— Як на мяне, пані паручнік, дык пінчэр вельмі ўдалы сабака. Праўда, што ня кожнаму яны да ўпадобы, бо на мордзе ў іх каляная шэрсьць, як у выпушчанага катаржніка. Пачвары яны — не адгледзішся, — але разумныя. Куды да іх балваном сэн-бэрнарам! Пінчэры разумней за фокстэр‘ераў. Знаў я аднаго…
Паручнік Лукаш зірнуў на гадзіньнік і перапыніў Швэйка.
— Ужо позна, мне трэба выспацца. Заўтра ў мяне зноў дзяжурства, а вы можаце аддаць увесьдзень на тое, каб падшукаць якога-небудзь пінчэра.
Ён пашоў спаць, а Швэйк лёг на кухні на канапку і пачытаў яшчэ газэту, што прынёс з кашар.