Мікіта пайшоў да сябе, а Тарэнта зайшоў у хату, павячэраў і, сказаўшы жонцы, што сходзіць, зірне на выгане каня, зноў пайшоў.
Конь зафыркаў, сагнуўшыся пысай па роснай мураве, і паскакаў у бок ад канавы. Праскакаўшы некалькі крокаў, ён спыніўся, прыслухаўся да наваколля і, апусціўшы голаў долу, зашамацеў губамі ў мураве. Тарэнта пастаяў яшчэ колькі хвілін на дарозе, пазіраючы, як грызе конь, і пайшоў назад у вёску на сузонаў двор.
Хата Сузона Каляды паміж суседнімі зусім губіцца. Увечары гэта яшчэ больш у вочы кідаецца. Увечары давыдзюковы бярэзіны, і так высокія, яшчэ больш угару лезуць і засцяць густым галлём, засланяюць неба над вуліцай і над сузонавым дваром. А ўслед за бярэзінамі лезе ўгару вострым гонтавым дахам і давыдзюкова хата. А з другога боку, адвярнуўшыся глухой сцяной да калядовай сядзібы, стаіць хата Піскуна Арцёма. І калядова хата, не ведаючы, куды ёй кінуцца, збянтэжана стаіць пасярод неабгароджанага двара, натапырыўшыся саламянай стрэхай і няроўна абрэзанымі вугламі, ды ад збянтэжанасці яшчэ ніжэй прысядае да зямлі. Па вышыні яна акурат у рост Хвойчыку Міхалку. Ён стаіць каля хатняй сцяны, абапёршыся на яе пячыма, а шапка ледзь не кранаецца яе страхі. Высокі, дужы ў плячах, ён, як-бы наўмысля, падпёр плячыма сузонаву хату, каб яна не абурылася.
— Ну і хата-ж у цябе, Сузон, — кажа ён, варухнуўшы плячыма, — каб піхнуў, дык і абярнулася-б.
— Княжацкі палац, а не хата.
— А ў цябе, Тарэнта, лепшая?
— Я-ж табе не раўня, ты-ж гаспадар, а я бабыль, на чужым сяджу.
— Гаспадар, толькі што…
У гэты час прышоў на сузонаў двор і настаўнік. Ён павітаўся, падаўшы ўсім руку, і спыніўся побач з Тарэнтам. З ім першым і загаварыў.
— Як-жа будзе, дзядзька Тарэнта? На-днях-жа пан пачне поле заворваць, не слухае вашай справядлівасці ён, а?
— У паноў, відаць, справядлівасці няма. А вышэй каб пайшоў, можа і знайшоў-бы яе.
— Няма яе і там і часу-ж няма шукаць. Справа не ў гэтым. Справа ў тым, каб зрабіць усё як мага дружней і лепш, так, каб не было ім за што ўчапіцца. Як, мужчыны? Гаварылі з імі?
— Гаварылі. Араць ні за што не дадуць.