Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, спі, Мурза, — сказаў, звяртаючыся да сабакі. — Спі, браце, — і далонню ў цемры наўгад намацаў сабачую спіну і пагладзіў яе па мяккай шэрсці. Сабака пакорліва выгнуў спіну, пацёгся галавой бліжэй да Паўла і задаволена застукаў па саломе хвастом.

У гэты момант прышоў у пуню Тарэнта. Ён пастаяў нерухома ў адчыненых варотах, прыслухаўся, крануўся быў пайсці назад, але затрымаўся і цераз хвіліну зайшоў у сярэдзіну пуні.

— Ты спіш? — шыбнуў Тарэнта пытаннем ў цёмны кут і насцярожана прыслухаўся. У куце зашамацела салома. Гэта Павал падняўся і сеў на саломе, а замест адказу закашляў.

— Трэба нам з табой да нечага дайсці, — сказаў Тарэнта, стоячы на сярэдзіне пуні. — Жыў ты ў мяне тры гады, — голас тарэнтаў знервавана дрыжэў і паступова выроўніваўся з тым, як ён гаварыў больш. — Я цябе з хаты не гнаў, і цяпер не ганю, жыві сабе, але ты-ж сам ведаеш, як мне даводзіцца…

Пуня адказвала на Тарэнтавы словы глыбокім маўчаннем, і словы ў цемры глухлі і губіліся, і было падобна, што чалавек гутарыць з самім сабою. Ад гэтага голас яго то мацнеў, то зноў рабіўся кволым, нясмелым.

— Я кажу, што трымаць цябе болей мне няма як, — раптам вырвалася ў брата пасля кароткай паузы. — Мае харчы, ты сам ведаеш, якія. Адным словам, няма пра што тут доўга гутарыць, бо каб было на чым, дык тады жыві сабе і ўсё, а так я-ж адзін на ўсіх вас не нараблю: і на цябе, і на дзяцей сваіх…

Ён змоўк і стаяў, не кранаючыся з месца. Праз шчыліну паміж дошчак у шчыце свяціў у пуню месяц. Святло вузенькай паскай ляжала на тарэнтавай шапцы, на шчацэ каля вуха і на свіце. Было ад гэтага ніякавата, думаў ён, што з цёмнага кута пазірае на яго Павал і бачыць ягоны твар, але не мог скрануцца з месца, так і стаяў пасярод пуні, чакаючы паўлавага адказу на свае словы. А Павал бачыў, як знервавана шавеліцца братаў твар, і, наглядаючы за ім, маўчаў, бо не зусім добра зразумеў ён, чаго хоча той.

— Дык куды-ж гэта мне цяпер дзецца?

Павал запытаў і змоўк, а пасля ні то крыўдуючы, ні то пытаючы ў брата парады, дадаў:

— Хіба ў старцы мне пайсці, ці што?..

І больш не сказаў ані слова.