ПАДЗЕЯ ВОСЬМАЯ
Рыпнулі дзверы ў сенцах, паціху адчыніліся і зачыніліся хатнія. Хата сустрэла цеплынёй і прымешаным да яе пахам пракіслага свінога цеста. Насустрач узняўся з-пад стала сабака і, пазяхаючы, выцягнуўся на падлозе. Пазяхаючы, запішчэў.
— Глядзі-тка! Гэта-ж ён у хаце сядзіць, каб яго ваўкі зарэзалі. Вон пайшоў!..
Гаспадыня злезла з палка і затупала на сабаку нагамі. Тупала босымі нагамі па глінянай падлозе і сабака не баяўся. Ён пастаяў хвіліну на сярэдзіне хаты, мяркуючы, куды-б схавацца, калі гаспадыня ўзлуе, а калі яна адчыніла дзверы, не спяшаючыся, пайшоў з хаты. На дварэ ці то ад злосці, што выгналі з хаты, ці то з другой прычыны, забрахаў, і, брэшучы, пайшоў да хлява.
Гаспадыня пазяхнула, зачыніўшы дзверы, перахрысцілася і зноў палезла на палок да дзяцей. А Павал зняў з біла над палком стары кажух, ускінуў яго на сябе і моўчкі пайшоў з хаты. Яго ніхто не спыніў, не запрапанаваў павячэраць і ад гэтага стала крыўдна, хоць сам-жа гэтага і жадаў, хоць сумысля для гэтага і не пайшоў у хату раней, калі там вячэралі.
Каля хлява Павал прыпыніўся і лёганька свіснуў. Гэта ён клікаў за сабой сабаку. Сабака моўчкі вылез з-пад варотніцы і, віляючы хвастом, пачаў лашчыцца. Калі Павал пайшоў, ён гэтак-жа спакойна пацёгся следам за ім.
У пуні, у самым далёкім куце, ляжала леташняя жытняя салома. Туды першым ускочыў сабака і пачаў масціцца спаць, а за ім, разварушыўшы троху салому, каб была мягчэй, лёг і Павал.