багата. А за імі столькі радасці. Цэлых дзесяць дзён мы будзем разам. Праўда, гэта зусім небагата, але-ж я міруся з гэтым, калі думаю, што на лета ўжо зусім прыеду да цябе, прыеду, каб быць нам заўсёды разам. Нам будзе хораша, праўда? Я-ж так моцна, так горача люблю цябе. Ці чакаеш ты мяне? Ці хочаш, каб я прыехала? Напісала гэта і сама сябе лаю, бо дурань я за такія словы, бо хіба-ж ты можаш не чакаць мяне?..»
— Якая дзівачка ты, — Буднік павярнуўся тварам да стала, на якім у белай папяровай рамцы, зробленай ім самім, змяшчалася картка Ліды Земянковай. Радасная яна, як жывая, пазірала з карткі проста ў твар яму і ўсмешкай дражніла. — Яшчэ як рад буду, яшчэ як чакаю, а ты не верыш, белабрысая? Вось прыедзь толькі хутчэй.
А тады зноў чытаў ліст.
«… Твой апошні ліст я чытала сваім. У нашай радні ў доме шмат хто захварэў. Хвароба пачалася на тым тыдні. Хворых адвезлі ў больніцу. Дыягназ пакуль невядомы і як доўга яны прабудуць там, хто ачуняе, цяжка пакуль што сказаць…»
— Малайчына ты, Ліда, — ён зноў павярнуўся тварам да карткі. — Разумная ты мая, харошая…
«… Нашы вельмі рады, што ў цябе ўсё добра са здароўем. Ты малады яшчэ і павінен сваё здароўе берагчы, ставіцца да яго асабліва ўважліва. Вельмі дзякуем за навіны. Ад усіх нашых табе прывітанне. Як атрымаеш мой ліст, адразу-ж напішы адказ. Я буду чакаць твайго ліста і часу, калі спаткаю цябе, роднага свайго, любага…»
Неба яшчэ не змянілася колерам, а знізу ад зямлі, дзе рэчка, падняліся змрокі. Яны гусцелі, перамяшаўшыся з туманамі, і плылі па зямлі ад рэчкі, запаўняючы сабою наваколле. Непрыкметна пракрадаліся ў пакой, і з кутоў, з усіх бакоў, насоўваліся на стол, які стаяў непадалёк ад акна. А з двара яны гэтак-жа насоўваліся на будынак школы. Хутка ўсталюецца вечар. Тады Буднік запаліць лямпу і на маленькіх, вузкіх лістках паперы будзе пісаць адказ на атрыманы ліст. А пакуль ён стаіць каля акна, абапёршыся на лушняк плячом, і перачытвае яго, аддаючыся ўспамінам. Час ад часу на твары ў яго нараджаецца радасная, ледзь прыкметная ўсмешка. Тады ён павяртае голаў у бок стала, адкуль, абкружаная змрокамі, насустрач яму пазірае Ліда, і паціху, ласкава называе яе імя.