ў вёску стаялі дзве фурманкі з сенам. Каля фурманак сыйшлося некалькі мужчын, а сярод іх быў і настаўнік. Яны пра нешта вельмі ўважліва апавядалі настаўніку, а той моўчкі слухаў. Калі падышоў Галынскі, сяляне змоўклі ў хутка паехалі.
— Я вельмі рад, што так хутка знайшоў вас, — сказаў Галынскі, падаючы настаўніку руку. — Калі маеце час, я прасіў-бы прайсціся са мною.
— Час у мяне ёсць. Я вас слухаю.
— Справа тычыцца вашых сялян і Пілацеева. Мне давялося чуць гутарку Пілацеева з дэлегацыяй сялян. Я не ведаю падрабязнасцей. Гутарка ішла пра адмену.
— Я гэту справу ведаю. Пілацееў дамогся таго, што землеўпарадчая камісія зацвердзіла праект адмены, выгадны для яго. Ён пераступае чатырыста дзесяцін зусім дзікага, бескарыснага балота сялянам і за гэта бярэ дзвесце дзесяцін іхнага поля і сенажаці, якія мяжуюць з ягонай зямлёй.
— Так, так я прыблізна зразумеў з гутаркі, што справа ў такой адмене. Гутарка ні да чаго не прывяла, і я баюся, што з усяго могуць выйсці вялікія непрыемнасці для абодвух бакоў.
— Чаму?
— Пілацееў вельмі цвёрда намерыўся ажыццявіць гэты праект, а сяляне заявілі, што зямлі не дадуць.
— Так і заявілі? — Буднік запытаў гэта з асаблівай нейкай цікавасцю. — Сказалі, што зямлі не дадуць?..
— Так.
— Значыць, добра. А я думаў…
— Як добра? Гэта-ж і кладзе пачатак для непрыемнасцей, пра якія я гавару.
— Але-ж, прафесар, для сялян не можа быць большай непрыемнасці, чым аддаць за нішто дзвесце дзесяцін сваёй зямлі. Якія-ж непрыемнасці яшчэ?
— Ну, а калі яны пачнуць не аддаваць?
Калі гэта будзе і калі ім удасца зямлі не даць, гэта будзе велізарнейшым плюсам у палітычным росце сялянства.
— Але-ж справа дойдзе да суда? Пры чым-жа тут гэты плюс?
— Усіх судзіць не будуць, гэта будзе нявыгадным, але затое гэта будзе добрым урокам і для Пілацеева, і для другіх. Пілацееў, прабачце, нягоднік. Я ведаю яго па Пецербургу. Я ніколі не думаў, што ён сумленны ў пытаннях