па дзве за адну, даю гатовую сенажаць. А як пракапаеце канавы такія-сякія, будзе вам сена хоць заваліся.
— Якое-ж там сена, пан, туды-ж нагой ступіць нельга, там-жа ж і асака расці не хоча, адна вада.
— Ваду ў канавы спусціце.
— Якія-ж там канавы? Хто-ж гэта іх нам капаць будзе?
— Ха-ха-ха! Пілацееў зарагатаў. — А вы хочаце, каб нехта выкапаў? Ну, ведаеце, давайце лепш так гэта, па-суседску. Справа гэтая зроблена па закону і гаварыць пра яе мне з вамі няма чаго. А каб было па-суседску, давайце лепш пагаворым пра пасбішчы, прагон. І лесам вы маім карыстаецеся, і лазой, і луццём. Хіба не так? А? Ніводнага-ж палена дроў вы ў казны не купляеце, усё-ж на маім балоце жывіцеся.
— Лесу мы вашага не чапаем, гэта вы дарэмна.
— Дарэмна? Кажаш дарэмна? А калі злаўлю, а? Вось яно адно на адно і выйдзе. А шкоды вы мне сколькі робіце? Днямі толькі чаго нарабілі вунь. І я не хацеў з вамі апастырацца, не забраў кароў.
Сяляне маўчалі.
— А работу дзе знаходзіце? З каго жывеце? І за жніво, і за касьбу, і за ворыва, за ўсё з мяне. Тысячы ў мяне зарабляеце…
— Гэта мы сваім мазалём зарабляем. Гэта мы, дзе хочаце, заробім.
— Дзе хочаце? Ну, пашукайце. Дарогі ў свет шырокія, можа і лепшае што знойдзеце.
Гаварыў ад сялян амаль увесь час толькі адзін. Іншыя толькі час ад часу падтрымлівалі яго, згаджаліся з ім.
Гэта быў самы высокі, сярэдніх год мужчына. Галынскаму кінулася ў вочы як ён увесь час у гаворцы напамінае Пілацееву аб справядлівасці.
— З-за гэтага толькі і прышлі? — пытаў Пілацееў.
— Гэта для нас, пане, самае вялікае. Мы справядлівасці хочам і да цябе, як да вучонага і як да дэпутата, прышлі пагаварыць, каб ты, пане, ад адмены адмовіўся.
— А калі я ад яе не адмоўлюся?
— Тады мы пойдзем у іншым месцы праўды шукаць.
— Нікуды мы не пойдзем, — умяшаўся ў гутарку другі селянін, — а не возьмем адмены і ўсё.
— Як гэта не возьмеце?
— А так што не возьмем. Самі сваё поле араць будзем.
— Але-ж яно маё. Яно ў хутары вашыя не ўвойдзе.