Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ты не плюйся, адыйдзі, ну! — Хвойчык рукой узяў Мікіту загрудкі і паціху адпіхнуў ад сябе.

— Ты мяне не штурхай, во што, ты мяне не чапай! — Мікіта лез яшчэ. — Ты мне кажы на тое, пра што пытаю!

— А ты адыйдзі! Ураз адыйдзі, а то носам зямлю заарэш…

— І ты не гарачыся, Міхалка. Не чапай яго, смярдзець будзе…

— Толькі што.

— Ды пра справу трэба-ж нешта думаць, а не тузацца.

— Праўда-што.

— Думаць тут няма чаго, — зноў загаварыў Мікода. — Мы тут не бунтаваць сабраліся…

— А падобна на тое, пане мой каханы.

— Няхай пану тое не здаецца. Я мяркую, што мы збярэмся колькі там і сходзім сёння да Пілацеева, скажам сваё слова яму…

— А як ён нічога?

Натоўп прыціх.

— Нічога? Тады не дадзім. Не дадзім і ўсё, няхай ён на нас управы шукае…

Аканом падаўся наперад, надзеў шапку і пайшоў да каня. Каня сам адвязаў ад рабіны і ў руках павёў на вуліцу, а ўжо там сеў у сядло. Аканомаў конь затупаў на месцы, закруціў галавою, бразгаючы цуглямі, а як круціўся, гойдалася ў сядле шырокая аканомава цела і сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Побач з канём стаяў цяпер Тарэнта. Ён за ўвесь час не сказаў аніводнага слова і цяпер моўчкі пазіраў то на запыленыя конскія капыты, то на вялікі аканомаў бот, пастаўлены ў заржавелае стрэмя сядла.

— Я, людзі мае каханыя, паеду ўжо, — кінуў аканом зверху, а вы як сабе хочаце рабіце.

— Праязджай, праязджай сабе, пан, — падняў галаву Тарэнта. — У справе мы разбярэмся, праўду знойдзем, нідзе яна не дзенецца. Праўды і пану схаваць не ўдасца, вылезе…

— Ты, пане мой каханы, пра якую праўду гаворыш?

— А пра тую самую.

Аканом падабраў у руку повад і пагнаў каня, тузануўшы яго ў бок нагамі. Тады Тарэнта, памаўчаўшы, як-бы сам да сябе, сказаў:

— Іч ты, надумаліся! У старца торбу адабраць рашыліся… Як сказаў гэта, схамянуўся і загаварыў да ўсіх. — Да яго, раз ён так робіць, хадзіць няма чаго. Трэба вышэй