бараду, адчуваў на сваім твары ягонае гарачае парыўчатае дыханне і спалохаўся, адышоў на крок назад. — Балота нам не трэба. За балота мы сваёй зямлі не дадзім!
У натоўпе загаманілі, пачалі ціскацца наперад мужчыны, каб адтуль крыкнуць свае словы. Пазбіраліся каля натоўпу і жанчыны з дзецьмі, запрудзілі ўвесь сузонаў двор.
— Праўду кажа! Няма чаго дурнямі быць! Няма чаго маўчаць!
— Пайсці і сказаць яму, так і сказаць!
— Якой хваробы хадзіць яшчэ, няхай сам ідзе, калі яму трэба!
— Не даваць зямлі!
Крычалі, спяшаючыся, перабіваючы друг дружку, нібы не крыкні яны і зямля перастане быць іхнай, адмена стане тады зусім законнай.
— Не даваць! Сілай не прыдзе браць!
— Коллем яго, калі сілай прыдзе браць!
— А ты, пане мой каханы, пра колле крычы, ды асцерагайся, — аканом падняўся на цыпачкі і зазірнуў у натоўп, каб адгадаць, хто крычаў. За такія словы ў суд…
— Пацалуй сам сабе, перагніся… Судом ён страшыць.
Аканом зноў падняўся на цыпачкі.
— Я, пане мой каханы, знайду цябе, не хавайся. Я табе пацалую, пане мой каханы, а не сабе. Так пацалую…
Яго перабіў Мікіта. Ён аднекуль збоку вылез і закрычаў, махаючы рукамі на мужчын.
— Ну, чаго мы крычым, а? Ці мы не людзі, што так вось лаемся, нібы той, што з-пад лазні. Тут-жа пра закон справа ідзе, во што, я вам скажу. А раз закон, дык неяк яно па-іншаму трэба. Гэта-ж ні то, што нехта прышоў у тваю клець і бярэ дабро. Тут-жа можна і ласкавей неяк пагаварыць, во што…
— Ласкавы ты вельмі, як-жа. Унь брата ў хату не пусціў, такі ласкавы.
— Не твая тая справа, во што; брат мой, а не твой.
— Ён ласкавы, яму што-ж, яму дагодзяць. Хабару даў, падмазаў…
Пры гэтых словах пачырванеў каморнік, кінуўся быў наперад, але ў час стрымаў сябе і нічога не сказаў, скептычна скрывіўшы губы.
— А ты бачыў? Ты бачыў, як я падмазваў? Ты гэта бачыў? — Мікіта лез праз натоўп да Хвойчыка, налязаў на яго, крычаў і пырскаў у твар слінаю.